Цытаплазма (ад грэч.: κύτος «клетка» і πλάσμα «змесціва») — вадкае змесціва клеткі (цэлі).
Яна складаецца пераважна з вады, у якой раствораны розныя арганічныя і неарганічныя рэчывы. Уключае ў сябе гіялаплазму — асноўнае празрыстае рэчыва цытаплазмы, у ёй знаходзяцца абавязковыя клеткавыя кампаненты — арганелы, а таксама розныя непастаянныя структуры — ўключэнні. Паколькі яна змяшчае шмат арганічных рэчываў, цытаплазма больш густая і вязкая, чым вада.
Без удзелу цытаплазмы немагчымы ніякія працэсы жыццядзейнасці ў клетцы. Яна акружае ядро і арганоіды і запаўняе ўсю прастору ўнутры клеткі. Гэта забяспечвае магчымасць перамяшчэння ў клетцы розных рэчываў, якія паступаюць у яе з навакольнага асяроддзя або ўтвараюцца ў самой клетцы. Працяканне хімічных рэакцый магчыма менавіта таму, што рэчывы знаходзяцца ў цытаплазме ў раствораным стане. Таму цытаплазму называюць унутраным асяроддзем клеткі. Яе галоўная функцыя — гэта забеспячэнне ўмоў для працякання асноўных працэсаў жыццядзейнасці клеткі.
У склад цытаплазмы ўваходзяць усе віды арганічных і неарганічных рэчываў. У ёй прысутнічаюць таксама нерастваральныя адходы абменных працэсаў і запасныя пажыўныя рэчывы. Аднак асноўнае рэчыва цытаплазмы — вада.
Гіялаплазма — нутраное асяроддзе цэлі. Гэта складаная калоідная сістэма з улучанымі ў яе біяпалімерамі (бялкамі, нуклеінавымі кіслямі, поліцукрыдамі), здольная пераходзіць з золепадобнага (вадкага) стану ў гелепадобны і зваротна. У склад гіялаплазмы ўваходзяць галоўным чынам розныя глабулярныя бялкі, ферменты метабалізму цукраў, амінакісляў, ліпідаў, транспартньш РНК. У гіялаплазме вольныя рыбасомы сінтэзуюць бялкі, неабходныя для ўласных цэлевых патрэб.
Арганелы — абавязковыя для ўсіх цэляў мікраструктуры, якія прысутнічаюць пастаянна і выконваюць жыццёва важныя функцыі. Іх падзяляюць на мембранавыя (мітахондрыі, эндаплазматычная сетка, апарат Голвджы, лізасомы) і немембранавыя арганелы (рыбасомы і палісомы, мікратрубачкі, цэнтрыолі і храмасомы).