wd wp Пошук:

Фёдар Іларыёнавіч Паўлоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Паўлоўскі.

Фё́дар Іларыё́навіч Паўло́ўскі (27 лістапада 1908, вёска Міхайлаўка (зараз гарадскі пасёлак), Запарожская вобласць, Украіна — 6 красавіка 1989, Мінск, Беларусь) — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Палескай вобласці падчас Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1941).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Украінец. Закончыў няпоўную сярэднюю школу, курсы савецкага будаўніцтва ў Маскве. Працаваў забойшчыкам на шахце Грузская ў Данбасе.

З 1930 года — у Чырвонай Арміі. З 1932 года — член ВКП(б). У 1932 годзе скончыў палкавую кавалерыйскую школу. Удзельнік баёў з японцамі каля возера Хасан у 1939 годзе, савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гадоў. У 1940 годзе скончыў курсы палітсастава. З 1940 года да пачатку Вялікай Айчыннай вайны — упаўнаважаны наркамата загатовак па Акцябрскаму раёну Палескай вобласці.

У чэрвені 1941 года разам з першым сакратаром Акцябрскага райкама КП(б)Б Ц. П. Бумажковым стварыў знішчальны батальён, які пазней ператварыўся ў партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік», адзін з першых на Беларусі, і стаў яго камандзірам. Атрад у час наступлення нямецкіх войскаў летам 1941 года дзейнічаў у іх тыле і на пярэдняй лініі, праводзіў дыверсіі, знішчаў масты, тэхніку і жывую сілу праціўніка, а 16-18 ліпеня 1941 года ва ўзаемадзеянні з часткамі Чырвонай Арміі пры падтрымцы браняпоезда разграміў штаб нямецкай дывізіі ў вёсцы Воземля Акцябрскага раёна.

За ўмелае кіраўніцтва партызанскім атрадам і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 жніўня 1941 года Паўлоўскаму разам з Бумажковым было прысвоена званне Героеў Савецкага Саюза — першым з партызан у Вялікую Айчынную вайну[1].

Да канца верасня 1941 года «Чырвоны Кастрычнік» пад кіраўніцтвам Паўлоўскага вызваліў ад акупантаў многія населеныя пункты Акцябрскага раёна, што дало пачатак існаванню Акцябрскай партызанскай зоне з цэнтрам у Рудабелцы, а да канца 1941 года партызаны поўнасцю ачысцілі ад акупантаў Акцябрскі раён.

У студзені 1942 года партызанскі атрад Ф. І. Паўлоўскага сумесна з атрадам А. І. Далідовіча разграміў гарнізон акупантаў у райцэнтры Капаткевічы і вызваліў іх ад ворага. У тым жа месяцы пасля нарады з кіраўніцтвам усіх суседніх партызанскіх атрадаў было створана Палескае партызанскае аб’яднанне, ці г. зв. «гарнізон Паўлоўскага» — правобраз будучых партызанскіх брыгад. У лютым 1942 года гэтым аб’яднаннем быў вызвалены ад гітлераўцаў другі раённы цэнтр — Азарычы. Усяго ў выніку маштабнага рэйда «гарнізона Паўлоўскага» ў пачатку 1942 года ад немцаў амаль цалкам былі ачышчаныя Акцябрскі, Капаткевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Жыткавіцкі раёны Палескай вобласці. З пашырэннем партызанскай барацьбы ў маі 1942 на базе атрадаў, што засталіся ў гарнізоне, была створаная 123-я партызанская брыгада імя 25-годдзя БССР, якую ўзначаліў Ф. І. Паўлоўскі (да мая 1944 года).

З красавіка 1943 Паўлоўскі — член Палескага падпольнага абкама КП(б)Б, а з лістапада 1943 года — член Акцябрскага падпольнага райкама КП(б)Б.

Пачынаючы з ліпеня 1944 года палкоўнік Ф. І. Паўлоўскі — у запасе. У 1945—1966 гадах — на кіруючай працы. Жыў у Мінску. Пасля смерці пахаваны на Радзіме — у Міхайлаўцы.

Зноскі

  1. Указ Президиума Верховного Совета СССР «О присвоении звания Героя Советского Союза тт. Бумажкову Т. П. и Павловскому Ф. И., особо отличившимся в партизанской борьбе в тылу против германского фашизма» от 6 августа 1941 года // Ведомости Верховного Совета Союза Советских Социалистических Республик : газета. — 1941. — 17 августа (№ 36 (151)). — С. 1.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 лістапада
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
Катэгорыя·Удзельнікі савецка-фінскай вайны
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Леніна
Катэгорыя·Камандзіры партызанскіх злучэнняў, брыгад і атрадаў у гады Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1908 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Члены КПСС
Катэгорыя·Палкоўнікі СССР
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Айчыннай вайны I ступені
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Героі Савецкага Саюза
Катэгорыя·Памерлі 6 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра ваенных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі ў 1989 годзе
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску