wd wp Пошук:

Фёдар Іванавіч Кардаш

Фёдар Іванавіч Кардаш (5 студзеня 1932, в. Харашкі Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці — 21 верасня 2008) — журналіст, іншадумца, палітычны вязень у БССР.

Біяграфія

Бацька Фёдара Кардаша быў партызанскім сувязным, загінуў у красавіку 1944 г. падчас няўдалай спробы дыверсіі на чыгунцы (група трапіла ў засаду).

У пасляваенныя гады Ф. Кардаш вучыўся ў Маўчадскай сярэдняй школе (тады Гарадзішчанскі, цяпер Баранавіцкі раён), размешчанай у суседнім мястэчку, якую скончыў у 1950 годзе.

У той жа год паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, якое ў 1955 годзе скончыў, пасля чаго працаваў у Чырвонаслабодскай раённай газеце «Чырвоная зара».

Пасля смерці Сталіна ў многіх, у тым ліку і ў Ф. Кардаша, абудзілася надзея, што ў новых умовах можна будзе больш свабодна абмяркоўваць праблемы і недахопы. Ф. Кардаш напісаў і ў лістападзе 1955 г. даслаў у ЦК КПСС ананімны ліст з прыкладамі непарадкаў у раёне і з прапановамі дэмакратызаваць дзяржаўны лад і паслабіць цэнзуру, каб прэса магла крытыкаваць недахопы на месцах дзеля іх далейшага выпраўлення.

КДБ вызначыла аўтара ліста па почырку і фактах, выкладзеных у ім. Рашэннем Мінскага абкаму камсамолу быў выключаны з арганізацыі, потым рашэнне было зацверджана ЦК ЛКСМБ. Быў арыштаваны 16 жніўня 1956 года ў студэнцкім інтэрнаце БДУ па вуліцы Бабруйская, 8.

18 кастрычніка 1956 года асуджаны Мінскім абласным судом па частцы «а» артыкула 72 КК БССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда») да двух гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры. Тэрмін адбываў у Дубраўлагу (Мардовія).

Падчас зняволення бачыўся і размаўляў з Цімохам Вострыкавым, якога як прадстаўніка Рады БНР дэсантавалі ў БССР у 1952 годзе амерыканцы.

У лагеры трапіў на вытворчасць, дзе дзень працы залічваўся за два дні зняволення, таму выйшаў на свабоду датэрмінова 23 жніўня (паводле іншых звестак — 23 кастрычніка) 1957 года.

Пасля вызвалення на працу па спецыяльнасці не бралі, здолеў уладкавацца толькі настаўнікам вячэрняй школы сельскай моладзі. Праз тры гады з дапамогай Яраслава Пархуты ўладкаваўся ў ружанскую раённую газету, яшчэ праз год з дапамогай аднакурсніка перайшоў на працу ў лідскую раённую газету. Пазней стаў уласным карэспандэнтам «Гродзенскай праўды» ў Лідзе.

Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 31 студзеня 1989 года [1].

У пачатку 1990-х гадоў публікаваўся ў незалежнай прэсе, быў адным са стваральнікаў і рэдактарам лідскіх незалежных газет «Народная трыбуна» (1992) і «Голас з Ліды» (1993—1995).

Пасля выхаду на пенсію пераехаў у Мінск. Часопіс «Лідскі летапісец» апублікаваў успаміны Ф. Кардаша «У цянётах акупацыі».

Асабовая справа Кардаша № 21033-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Зноскі

  1. База данных «Жертвы политического террора в СССР».

Творы

У цянётах акупацыі // Лідскі летапісец. Краязнаўчы, гістарычна-літаратурны часопіс. 2005, № 1-2(29-30). С. 53-78.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў БССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзятлаўскім раёне