wd wp Пошук:

Франсіска дэ Сурбаран

Франсіска дэ Сурбаран (ісп.: Francisco de Zurbarán, ахрышчаны 7 лістапада 1598, Фуэнтэ дэ Кантас, Эстрэмадура — 27 жніўня 1664, Мадрыд) — іспанскі мастак, прадстаўнік Севільскай школы жывапісу.

Біяграфія

Франсіска дэ Сурбаран нарадзіўся ў мястэчку Фуэнтэ дэ Кантас (правінцыя Эстрэмадура). Вучыўся ў Севільі, у П. Д. дэ Вільянуэвы[9]. У 1617-18 гадах Сурбаран жыў і працаваў у невялікім мястэчку Эстрэмадуры — Льерэне, затым вярнуўся ў Севіллю і да 1633 бесперапынна жыў там.

У 1622 годзе ён ужо быў вядомым майстрам, атрымліваў заказы для храмаў і манастыроў. У 1626-27 гадах па кантракце з ордэнам дамініканцаў ён піша 21 карціну на рэлігійныя сюжэты, у тым ліку знакамітую карціну «Укрыжаванне». У 1628-30 гадах Сурбаран піша цыкл карцін пра святога Пэдра Наласка і цыкл карцін пра жыццё св. Банавентуры.

У 1631 Ф. Сурбаран стварае адзін з лепшых сваіх твораў — карціну «Трыумф святога Фамы Аквінскага», якая была прызнана шэдэўрам яшчэ сучаснікамі жывапісца.

У 1634 годзе мастак здзейсніў падарожжа ў Мадрыд, дзе атрымаў тытул прыдворнага жывапісца. У Мадрыдзе пры працы над упрыгожваннем нядаўна пабудаванага палаца Буэна-Рэціра майстар адышоў ад рэлігійнай тэматыкі — ім быў напісаны цыкл з дзесяці палотнаў, якія паказваюць подзвігі Геркулеса (цяпер у музеі Прада), а таксама гісторыка-манументальнае палатно «Абарона Кадзіса».

Вывучэнне прац вялікіх італьянскіх жывапісцаў і зносіны з іншымі бачнымі майстрамі, якія працавалі ў сталіцы, ўзбагаціла творчасць мастака. Пасля вяртання ў Севіллю ён напісаў выдатную серыю карцін для манастыра ў Херасе — найбольш вядомыя «Дабравешчанне», «Каляды» і «Пакланенне вешчуноў».

Паступова яго слава расла, ў Паўднёвай Амерыцы адкрываліся манастыры і цэрквы, ахвотна заказвалі ў Сурбарана карціны. На канец трыццатых гадоў прыходзіцца пік творчай актыўнасці і папулярнасці мастака.

У позні перыяд творчасці Сурбаран звяртаецца да лірычных вобразаў Хрыста і Маці Божай ў дзяцінстве — «Мадонна з дзіцем», «Маленства Мадонны».

У 1658-64 гадах Ф. Сурбаран жыў у Мадрыдзе. Яго папулярнасць ішла на спад, нягледзячы на ​​падтрымку аднаго Дыега Веласкеса ён, забыты заказчыкамі, адчуваў матэрыяльныя цяжкасці.

Творчасць

Зазнаў уплыў Караваджа. Жывапіс Ф. Сурбарана адрознівае асаблівая матэрыяльнасць у перадачы фігур людзей, акружэння, прадметаў, якая надае выяўляемым падзеям жыццёвую перакананасць[10]. Творы вылучаюцца грубаватай рэалістычнасцю вобразаў, павышанай дэталізацыяй, частым увядзеннем у карціны элементаў нацюрморта[11]. Раннім работам уласціва выкарыстанне шырокіх форм і аб’ёмаў («Укрыжаванне», 1627).

«Малітва Святога Банавентуры ў час выбрання папы» (1629)

Асаблівае месца займае цыкл яго палотнаў, прысвечаных жыццю і духоўнаму служэнню Святога Банавентуры («Смерць Святога Банавентуры», «Святы Банавентура ў Ліёнскім саборы», «Наведванне Святога Банавентуры Фамой Аквінскім»). Карціна «Малітва Святога Банавентуры ў час выбрання папы» (1629) будуецца на кантрасных спалучэннях светлых і цёмна-карычневых тонаў, ажыўленых акцэнтамі чырвонага і вохрыстага колераў. Дзякуючы гэтаму ўкленчаная фігура святога, паказаная ў профіль, яго складзеныя ў малітоўным руху рукі з тонкімі нервовымі пальцамі ўспрымаюцца асабліва выразна. Над ім у залацістай прасторы выяўлены анёл, які ў адпаведнасці з легендай называе імя будучага папы. Нягледзячы на гэты містычны эпізод, работа напоўнена адчуваннем рэальнага жыцця, нават з адценнем празаічнасці.[12]

У перыяд творчага росквіту (1630—40-я г.) ствараў суровыя манументальна-лаканічныя, драматычна-напружаыя і адначасова стрыманыя ў выяўленні пачуццяў вобразы. Творы адметныя смелай абагульненасцю і матэрыяльнасцю пластычнай мадэліроўкі, строгай гамай шэрых і карычневых, насычаных чырвоных тонаў: «Трыумф святога Фамы Аквінскага» (1631), «Спакушэнне святога Іераніма» (1634), «Святы Францыск», цыкл карцін для картэзіянскага кляштара Ла Картуха ў Херэс-дэ-ла-Франтэра (1637—39) і інш.[13]

«Дзяцінства Маці Божай» (1630-ыя)

Лірычны, некалькі інтымны характар маюць палотны Ф. Сурбарана, прысвечаныя Марыі. Сярод іх вылучаецца работа «Дзяцінства Маці Боскай» (1630-ыя), у якой дамінуе некалькі жанравы настрой. Гэтаму садзейнічае прадметнае асяроддзе, паказанае мастаком з асаблівай увагай. У карціне ўсё па-будзённаму проста: у бок адстаўлена плеценая каробка з рукадзеллем, на столік пакладзены нажніцы, спынена работа над вышыўкай, каб прачытаць малітву. Толькі арэол вакол галавы Марыі, складзены з выяў анёлаў, ды ружы і лілеі ў вазе з’яўляюцца напамінам аб будучым Дабравешчанні і ахвярнай смерці Хрыста.[14]

Для твораў 1650—60-х г. характэрны рысы лірычнай сузіральнасці і эмацыянальнай усхваляванасці: «Бічаванне Хрыста», «Мадонна з дзіцем і Іаанам Хрысціцелем». У 1640-я г. стварыў серыі карцін, прысвечаных жыццю кляштара ордэна іеранімітаў у Гуадалупе: «Спакушэнне брата Дыега Арзаскага», «З’яўленне Хрыста брату Андрэсу Сальмерону», «Уяўленне брата Педра Саламанкскага»; партрэты (серыя «Дактары з Ла Мерсед», «Доктар з Саламанкі» і інш.).

Зноскі

  1. Francisco de Zurbarán // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Itaú Cultural Francisco de Zurbarán // Enciclopédia Itaú Cultural — São Paulo: Itaú Cultural, 1987. — ISBN 978-85-7979-060-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. https://www.nga.gov/collection/artist-info.1993.html
  4. 1 2 https://rkd.nl/explore/artists/86645
  5. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  6. Francisco de Zurbarán // Benezit Dictionary of Artists — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  7. https://www.britannica.com/biography/Francisco-de-Zurbaran
  8. artist list of the National Museum of Sweden — 2016. Праверана 27 лютага 2016.
  9. С. Пешын (2002)
  10. Б. Лазука (2010)
  11. С. Пешын (2002)
  12. Б. Лазука (2010)
  13. С. Пешын (2002)
  14. Б. Лазука (2010)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Памерлі ў 1664 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Мадрыдзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1598 годзе
Катэгорыя·Мастакі Іспаніі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 27 жніўня
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў правінцыі Бадахас
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 лістапада
Катэгорыя·Мастакі барока