У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кірылава.
Фаіна Міхайлаўна Кірылава (29 верасня 1931, г. Зуеўка, Кіраўская вобласць, Расія) — беларускі вучоны ў галіне матэматычнай тэорыі аптымальнага кіравання. Доктар фізіка-матэматычных навук (1967). Прафесар (1972). Член-карэспандэнт НАН Беларусі (1996). Заслужаны дзеяч асветы В’етнама (СРВ) (2001). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2002). Лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР (1986) «за распрацоўку і ўкараненне шматмэтавых праграмных сродкаў у інжынерных разліках».
Скончыла Уральскі дзяржуніверсітэт (Свярдлоўск, 1954). У 1954—1962 — асістэнт, 1962—1967 — старшы навуковы супрацоўнік Уральскага політэхнічнага інстытута. У 1968—1969 — старшы навуковы супрацоўнік, з 1970 па 2008 — загадчыца лабараторыі (затым аддзела) тэорыі працэсаў кіравання Інстытута матэматыкі НАНБ. Адначасова з 1996 — старшыня рабочай групы IFAC па аптымальным кіраванні. Заснавальнік і кіраўнік Беларускай асацыяцыі кіравання і менеджменту (з 1994).
Навуковыя даследаванні ў галіне тэорыі аптымальнага кіравання. Атрымала фундаментальныя вынікі па тэорыі кіравальнасці сістэм з паслядзеяннем, па неабходных умовах аптымальнасці кіраванняў для дыскрэтных працэсаў кіравання, умовах аптымальнасці высокага парадку і адмысловых аптымальных кіраваннях. Распрацавала (сумесна з Р. Габасавым) асновы канструктыўнай тэорыі экстрэмальных задач, якія даюць эфектыўны выхад да вылічальных працэдур пабудовы рашэнняў для шырокага кола задач кіравання і аптымізацыі. Алгарытмы праграмна рэалізаваныя і з пачатку 1980-х выкарыстоўваюцца пры рашэнні прыкладных задач кіравання і аптымізацыі. Сумесна з Р. Габасавым распрацаваны новы падыход да пабудовы аптымальных кіраванняў тыпу зваротнай сувязі і пазіцыйных рашэнняў задач аптымальнага назірання для сістэм ва ўмовах нявызначанасці, абгрунтаваныя алгарытмы функцыянавання аптымальных ідэнтыфікатараў, эстыматараў, рэгулятараў і стабілізатараў.
Аўтар больш 350 навуковых прац, 14 манаграфій. Асноўныя працы: