wd wp Пошук:

Уладзімір і Рагнеда

Уладзімір і Рагнеда — гістарычнае палатно, створанае Антонам Ласенкам. Захоўваецца ў калекцыі Дзяржаўнага Рускага музея[1].

«Уладзімір і Рагнеда» — гэта першае палатно на тэму расійскай гісторыі. Да гэтага творы на гістарычныя сюжэты грунтаваліся на грэчаскіх, рымскіх або скандынаўскіх міфах, альбо на паданнях антычнасці або сярэднявечнай Еўропы.

Гісторыя

Карціна была створана А. Ласенкам як заяўка на атрыманне звання акадэміка.

Праграма на званне акадэміка: «Владимир, утвердясь на новгородском владении, посылает к полоцкому князю Роговльду, чтобы ему отдал дочь свою Рогнеду в супружество; гордым ответом Рогнеды раздраженный Владимир подвигнул все свои силы, столичный полоцкий город взял силою, Роговольда с двумя сынами лишив жизни, с высокосмысленною Рогнедою неволею сочетался».

А. Ласенка атрымаў званне акадэміка і пасаду ад’ютант-прафесара.

Сюжэт карціны адносіцца да X стагоддзя. Дачка полацкага князя Рагвалода Рагнеда адхіліла сватанне наўгародскага князя Уладзіміра Святаславіча. Тады Уладзімір каля 980 года захапіў Полацк, забіў бацькоў і двух братоў Рагнеды, а яе сілай узяў у жонкі. На карціне Антон Ласенка паказаў момант, калі, убачыўшы адчай і гора Рагнеды, збянтэжаны князь спрабуе яе суцешыць[2].

Гістарычнасць карціны

Карціна не прэтэндуе на рэалістычнасць — яе змест носіць умоўны характар. Кампазіцыя і дэкарацыі нагадваюць тэатральную сцэну, жэсты і міміка таксама падкрэслена тэатральныя, патэтычныя. Не выпадкова галоўнага героя мастак напісаў са свайго сучасніка, вядомага трагічнага акцёра Івана Дзмітрыеўскага(руск.) бел.[1].

Апісанне

Карціна з’яўляецца некалькі наіўнай і меладраматычнай, але ўпершыню прадставіла рускую старажытнасць наглядна, на прынятай у той час мастацкай мове.

Мастак не толькі стаў заснавальнікам расійскага гістарычнага жывапісу, але і адным з першых захаваў на палатне пачуцці і страсці сваіх герояў. У той час ўнутраныя перажыванні было прынята перадаваць у літаратуры, у тэатры. А выяўленчае мастацтва дэманстравала парадныя партрэты або абстрагаваныя, ідэальныя вобразы[1].

Касцюм Уладзіміра складаецца з доўгай ніжняй тунікі з вузкімі рукавамі да запясця, якая пашыта з залататканай візантыйскай парчы і падпяразана шэрым шаўковым поясам, ды нешырокіх аксамітных нагавіц чырвонага колеру, калашыны якіх запраўлены ў чырвоныя саф’янавыя(руск.) бел. боты. Каўнер тунікі ўпрыгожаны ажарэлкам з нашытымі каштоўнымі камянямі. Вышыўкай і каштоўнымі камянямі абшыты таксама канцы рукавоў тунікі. Зверху апрануты плашч-апашань з чырвонага аксаміту, падшыты і аблямаваны футрам гарнастая(ням.) бел.. На галаве маладога князя з такога ж аксаміту высокая шапка з гарнастаевай апухай, якая аздоблена залатымі трохкутнікамі і плюмажам пышных пёраў[2].

Нягледзячы на асобныя гістарычныя недакладнасці (княжацкая шапка звычайна мела паўсферычны верх і не мела плюмажа з пер’яў, а боты ў тыя часы былі па вышыні толькі да паловы галёнкі), агульны ўсходневізантыйскі характар параднага княжацкага касцюма Старажытнай Русі і яго канструкцыйныя асаблівасці заўважаны і перададзены мастаком, у той час як адзенне суправаджаючых Уладзіміра асоб і маладой служанкі Рагнеды, несумненна, больш позняга часу[2].

Зноскі

  1. 1 2 3 Владимир и Рогнеда (руск.)
  2. 1 2 3 Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Карціны 1770 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Карціны са збораў Дзяржаўнага Рускага музея
Катэгорыя·Карціны паводле алфавіта
Катэгорыя·Карціны на гістарычныя сюжэты