wd wp Пошук:

Тыўанака

Тыўана́ка (аймара: Tiwanaku; ісп.: Tiahuanaco) — помнік сусветнай спадчыны на захадзе Балівіі каля паўднёвага берага возера Тытыкака на вышыні 3850 м, цэнтр дакалумбавай цывілізацыі Новага Свету.

Гісторыя

Культура Тыўанака

Тыўанака ўяўляў сабою гарадское паселішча, якое з’яўлялася цэнтрам буйной імперыі паміж II ст. да н. э. - X ст. н. э. У перыяд яго росквіту насельніцтва складала каля 30 000 - 70 000 чалавек. Тыўанака ўзнік на горнай раўніне, дзе здаўна існавала абрашальнае земляробства. Возера Тытыкака лічылася важным сакральным цэнтрам. Першыя манументальныя будынкі пачалі ўзводзіцца ў II ст. н. э., аднак найбольш грандыёзныя пабудовы датуюцца не раней за 375 г. н. э.

Асаблівасцю мясцовай архітэктуры было выкарыстанне вялікіх адкрытых прастораў. Сэрцам горада з’яўляліся манументальныя будынкі для рэлігійных цырымоній. Яны ўзводзіліся з маналітных каменных блокаў. Вылучаюць прамавугольныя блокі і блокі, якія захоўвалі сколы і натуральныя выманні. На іх захаваліся канаўкі для разразання каменю, сляды бронзавых клямак для транспартыроўкі. Рэлігійны цэнтр месціўся на штучным узвышшы з плоскай вяршыняй, брукаванай каменем. Яна была аддзелена ад астатняга горада каналам. Некаторыя ірыгацыйныя пабудовы знойдзены і знутры.

Знешні горад уяўляў сабою сціплыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы з неабпаленай цэглы на каменных фундаментах. Керамічныя вырабы адрозніваюцца вялікай колькасцю высокіх пасудзін з упрыгожваннямі. Мяркуюць, што ў Тыўанака існавала масавая вытворчасць керамікі з выкарыстаннем прэс-форм. Жыхары горада займаліся ткацтвам, выраблялі яркія жоўтыя тканіны, вопратку і складаныя галаўныя ўборы.

Этнічны склад насельніцтва Тыўанака дакладна не вядомы. Доўгі час меркавалі, што ён быў населены аймара, паколькі менавіта яны складаюць большасць насельніцтва ў нашы дні. Аднак археалагічныя, лінгвістычныя і генетычныя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў не падцвярджаюць гэтага. Мяркуюць, што прамымі нашчадкамі тыўанаканцаў могуць быць уру.

Заняпад Тыўанака звязваюць з кліматычнымі зменамі і нападамі з боку паўночных суседдзяў (магчыма, аймара). Ужо ў XI ст. горад быў практычна пакінуты жыхарамі.

Археалогія

Руіны рэлігійнага цэнтра Тыўанака былі вядомы ўжо інкам і іспанскім канкістадорам. Першыя навуковыя даследаванні пачаліся з 1860-х гг. Першая падрабязная праца, прысвечаная Тыўанака, была апублікавана ў 1892 г. у Германіі.

З 1960-х гг. урад Балівіі рабіў захады для археалагічнага вывучэння і аднаўлення пабудоў. Комплексныя раскопкі пачаліся ў 1972 г. дзякуючы спецыялістам універсітэта Чыкага.

Ахова

У 2000 г. комплекс Тыўанака быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Славутасці

Сучасны комплекс Тыўанака ўключае наступныя славутасці:

НазваВыяваАпісанне
Піраміда АкапанаПабудавана па-над натуральнай геалагічнай фармацыяй у форме квадрата. Аснаванне займае 16 м². На плоскай вяршыні знойдзена яміна. Археолагі лічаць, што яна выкарыстоўвалася для захавання вады або з’яўляецца рэшткамі працы ранніх скарбашукальнікаў.
Храм КаласасаяРытуальная платформа 120 м × 130 м ў атачэнні сцен з блокаў пясчаніка і андэзіта. Знутры знаходзяцца пабудовы з маналітаў, вядомыя як «квартал святароў».
Вароты СонцаЧастка Каласасая, брама з аднаго маналітнага блока. Часцяком выкарыстоўваецца як сімвал Тыўанака.
Падземны храмМяжуе з Каласасая. Уяўляе паглыблены двор 28 м × 26 м. Некаторыя даследчыкі лічаць, што храм сімвалізаваў замагільны свет, а Каласасая — зямны.
КантатайтаРуіны невядомага прызначэння. Знаходзяцца ў стане даследавання.
Путуні, або палац саркафагаўМеркаванае месца магільняў.
Пума-Пунку, або брама пумыРэшткі храмавага комплекса.
МузейСучасны крыжападобны будынак для экспазіцый.

Спасылкі

Tiwanaku даведнік на сайце Wikivoyage

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Сусветная спадчына паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Гісторыя Перу
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Балівіі
Катэгорыя·Гісторыя Балівіі