wd wp Пошук:

Трытон грабеньчаты

Трытон грабеньчаты (Triturus cristatus), земнаводнае сямейства саламандравых.

Апісанне

Даўжыня цела 5-7 см, з хвастом — 9,5-13,5 см (часам да 18 см), маса 3-12 г. Скура буйназярністая. Галава адносна шырокая, адмежавана ад тулава шыйным звужэннем. Афарбоўка верхняй часткі цела чорная або карычнева-чорная з больш цёмнымі плямамі. Ніжняя частка цела аранжавая, з чорнымі плямамі. У шлюбны перыяд у самцоў добра развіты высокі зубчасты грэбень, які перарываецца, або рэзка зніжаецца каля асновы хваста. Па баках хваста праходзіць блакітнаватая паласа з перламутравым адлівам. Лічынка мае вонкавыя жабры, доўгі ніткападобны адростак на хвасце і вельмі доўгія ўнутраныя пальцы канечнасцей.

Пашырэнне

Арэал віду займае большую частку Еўропы (акрамя Паўднёвай Францыі, Пірэнейскага паўвострава і поўначы Скандынаўскага), паўночную частку Малой Азіі. На Беларусі грабеньчаты трытон сустракаецца па ўсёй тэрыторыі, аднак значна радзей, чым трытон звычайны.

Асаблівасці біялогіі

Грабеньчаты трытон насяляе поймы рэк і азёр, лясы, хмызнякі, паркі. Усю вясну і лета праводзіць у вадаёмах, пазбягае забруджаных месцаў, часцей за ўсё корміцца лічынкамі насякомых, малюскамі, іншы раз можа паядаць апалонікаў. Пасля шлюбнага перыяду, калі выходзіць на сушу, трытон днём знаходзіцца ў сховішчах, а ноччу або ў дажджлівыя дні палюе. Паядае пераважна дажджавых чарвей, слізнякоў, насякомых і іх лічынкі. На зімоўку грабеньчаты трытон ідзе апошнім з земнаводных, зімуе звычайна ў лісцевых лясах.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1768 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Хвастатыя земнаводныя