wd wp Пошук:

Трыскайдэкафобія

Гатэль з пакоямі, пранумараванымі 11, 12 і 14

Трыскайдэкафо́бія (ад стар.-грэч.: τρεισ — «3», καί — «і», δεκα — «10» і φόβος — «страх», «фобія») — боязь ліку 13; гэты забабон звязаны з бояззю пятніцы 13, вядомай таксама як параскевідэкатрыяфобія.

Тэрмін «трыскайдэкафобія» ўпершыню ўжыў Айседор Корыят у сваёй кнізе Abnormal Psychology[1].

Паходжанне

Існуе аблуда, што найранейшыя згадкі пра лік 13 як нешчаслівы сустракаюцца ў вавілонскім зводзе законаў Хамурапі (каля 1780 да н.э.), у якім нібыта прапушчаны трынаццаты закон. Насамрэч гэты кодэкс не меў нумарацыі, а ў перакладзе Л.В.Кінга 1910 года прапушчаны адзін пункт:

Калі гандляр скончыў (свой) лёс (т. б. сканаў), пакупнік павінен атрымаць кампенсацыю ў, напрыклад, пяціразовым памеры з маёмасці прадаўца.

Іншыя пераклады Кодэксу Хамурапі ўключаюць гэты 13-ы артыкул[2].

Дом №13 у Апелдорне (Нідэрланды)

Паводле вераванняў некаторых хрысціян лічыцца, што на Апошняй вячэры 13-м чалавекам за сталом сядзеў Іуда, які здрадзіў Ісусу[3]. Аднак у Бібліі нічога не сказана пра парадак, у якім апосталы сядзелі за сталом. Да таго ж лік 13 не з’яўляецца нешчаслівым у іўдахрысціянскай традыцыі. Так, кніга Зыход пералічвае трынаццаць атрыбутаў міласэрнасці Божай[4]. Некаторыя хрысціянскія цэрквы таксама ўжываюць гэтыя 13 атрыбутаў у сваіх набажэнствах.

Магчыма, трыскайдэкафобія была вядомая таксама і вікінгам. Лічыцца, што ў пантэоне нарвежскіх багоў Локі быў 13—м. Дакладней, ён быў адным з арганізатараў забойства Бальдра, і быў 13-м госцем на яго пахаванні[5]. Магчыма, адсюль паходзіць прымха, паводле якой з 13 чалавек, што сабраліся разам за абедзенным сталом, адзін абавязкова памрэ ў наступным года.

Старажытныя персы верылі, што дванаццаць задыякальных сузор’яў кантралявалі месяцы года, і кожнае з іх кіравала Зямлёй цягам 1000 гадоў. Пасля сканчэння перыяду ўсіх кіраванняў зямля і неба знікнуць у хаосе. Таму ў персаў лік 13 атаясамліваецца з хаосам, і па традыцыі яны праводзяць трынаццаты дзень паводле іранскага календара па-за хатамі, каб не прыцягваць няўдачу.

У пятніцу, 13 кастрычніка 1307 года французски кароль Філіп IV аддаў загад на арышт усіх тампліераў. У XX стагоддзі гэты факт стаў вельмі папулярным для абгрунтавання «нешчаслівасці» пятніцы 13.

У 1881 уплывовыя жыхары Нью-Ёрка на чале з ветэранам Грамадзянскай вайны капітанам Уільямам Фаўлерам вырашылі пакласці канец гэтай і некаторым іншым забабонам. Яны стварылі абедзенны клуб пад назвай «Клуб трынаццаці». На першым пасяджэнні ў пятніцу 13 студзеня 1881 а 20:13 13 членаў клубу селі разам за стол у пакоі №13 у памяшканні клубу. Каб трапіць у пакой, госці праходзілі пад лесвіцай і сядалі між купак рассыпанай солі. Цягам наступным 40 гадоў ва ўсёй Паўночнай Амерыцы паўсталі падобныя «клубы 13-ці». Іхняя дзейнасць актыўна асвятлялася ў прэсе, а сярод удзельнікаў клубаў былі такія вядомыя асобы, як пяць будучых прэзідэнтаў ЗША ад Чэстэра Артура да Тэадора Рузвельта.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Isador H. Coriat. Abnormal Psychology. — Read Books. — 2008. — С. 319. — ISBN 9781409770701.
  2. Hammurabi. [Hammurabi, The Code of Hammurabi 2250 BC] (англ.) . Library of Liberty. Праверана 27 лістапада 2012.
  3. Cecil Adams. Why is the number 13 considered unlucky? (англ.) . The Straight Dope. Праверана 27 лістапада 2012.
  4. Ronald L. Eisenberg. The 13 Attributes of Mercy (англ.) . Праверана 27 лістапада 2012.
  5. Oberon Zell-Ravenheart. Companion for the Apprentice Wizard. — Career Press, 2006. — С. 200.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Спецыфічныя фобіі
Катэгорыя·Нумаралогія
Катэгорыя·Забабоны