Таганрогскі паштамп, таксама банкірскі дом Давыдавічаў — аб’ект культурнай спадчыны, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ў горадзе Таганрогу Растоўскай вобласці. Будынак створаны ў стылі мадэрн[1]. Адрас будынка: вуліца Фрунзэ, 38.
Пабудаваны ў 1911 годзе па дырэктыве банкіра А. А. Давыдавіча, асноўны будаўнічы матэрыял — цэгла. Першы паверх будынка быў адведзены пад кантору банка «Э. Фачыні і К»[1], адкрыццё якой адбылося 20 студзеня 1912 года. Заснавальнікам гэтай канторы стаў Эмануіл Карлавіч Фачыні. На будынку была размешчаная шыльда «Банкірскі дом Э.Фачыні і К»[2]. У гэтым жа, 1912 годзе, на другім паверсе банкірскага дома Давыдавічаў, стала месціцца паштова-тэлеграфная кантора, раней яна знаходзілася ў доме таганрогскага мешчаніна Скурыча на Грэчаскай вуліцы. Гэты будынак не захаваўся да нашых часоў. Калі адбылася нацыяналізацыя будынка, і на першым і другім паверсе стаў месціцца таганрогскі вузел сувязі. У 1981 годзе былі згублены гаўбцы будынка таганрогскага паштампа. За больш, чым стагадовую гісторыю дома, капітальныя рамонты не праводзіліся, і, тым не менш, будынак застаецца ў добрым стане[1].
Будынак неатынкаваны. Фасад створаны з выкарыстаннем цэглы жоўтага і шэрага колеру. Галоўны ўваход упрыгожвае карніз дугаватай формы. Характэрнымі элементамі, якія дазвалялі аднесці дом да архітэктурнага стылю мадэрн, былі гаўбечныя рашоткі, цяпер гэта рашоткі парапета плоскай формы[1].