Сяўру́га (Acipenser stellatus) — прахадная рыба роду асятры сямейства асятровыя. Пашырана ў басейнах Каспійскага, Чорнага і Азоўскага мораў.
Даўжыня сяўругі дасягае 2,2 м, маса да 80 кг. Цела пакрытае пяццю радамі касцяных пласцінак (жучак). Ніжняя губа перарваная. Ад іншых асятровых рыб адрозніваецца больш выцягнутым і пляскатым рылам.
Корміцца дробнай рыбай, воднымі беспазваночнымі. Здзяйсняе вялікія кармавыя міграцыі. У прэснай вадзе корміцца мала. На нераст заходзіць у рэкі (у буйныя рэкі — на 200—600 км ад вусця). Нераст у перыяд з красавіка па верасень. Пладавітасць да 600 тысяч ікрынак дыяметрам каля 3 мм[1].
З’яўляецца аб’ектам развядзення і промыслу. Атрыманы гібрыды сяўругі са сцерляддзю, асятром, шыпам.