У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Фрумін. Сямён Міхайлавіч Фрумін (12 лістапада 1900, м. Раманава Горацкага павета — 1 верасня 1938, Масква) — дырэктар Маскоўскага інстытута фізкультуры, брыгадны камісар РСЧА.
Нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і Міхася (Машэ) Фруміна — рабочага цаглянага завода ў маёнтку княгіні Дандуковай-Корсакавай. У сям’і было шэсць дзяцей, Семён быў старэйшым. З дзяцінства працаваў на цагляным заводзе і вучыўся ў сельскай школе. У 1913 годзе з’язджае на заробкі ў Ніжні Ноўгарад. Працаваў рабочым на прыватных прадпрыемствах.
У маі 1917 года ўступае ў партыю бальшавікоў і ў 1919 годзе ідзе добраахвотнікам на фронт. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым і Заходнім франтах. У 1920 г. — намеснік ваенкама 144 стралковай брыгады [1] .
Удзельнічае ў баях з белапалякамі пад Варшавай. Падчас адступлення, у жніўні 1920 года, быў кантужаны, атручаны газам і трапіў у палон да палякаў. Сядзеў у Варшаўскай турме, а потым быў пераведзены ў Брэсцкую крэпасць. У чэрвені 1921 года збег з польскага палону і вярнуўся на тэрыторыю Савецкай Расіі.
Працаваў у ЦК РКСМ загадчыкам сакрэтна-дырэктыўнай часткі, затым намеснікам загадчыка ваенна-спартыўнага аддзела. У 1927—1930 гг. апублікаваў 5 брашур па праблемах ваенна-спартыўнага выхавання моладзі. [2]. У 1926 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У час вучобы актыўна займаўся спортам і арганізацыяй спартыўных мерапрыемстваў сярод моладзі і студэнтаў. Атрымаў спецыяльнасць лекара, але па спецыяльнасці не працаваў.
Па хадайніцтву Вышэйшага савета фізічнай культуры СССР яго ў 1931 годзе прызначылі дырэктарам і начальнікам ваеннага факультэта Маскоўскага інстытута фізкультуры. Падчас працы дырэктарам інстытута скончыў завочна ваенную школу «Выстрел» і год вучыўся на вячэрнім аддзяленні ў Ваеннай акадэміі РСЧА. У 1934 г. быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.17 лютага 1936 года было прысвоена званне брыгаднага камісара.
У гэтыя гады пад яго кіраўніцтвам былі пабудаваны новыя навучальныя корпусы, спартыўныя залы, сабраны кваліфікаваны калектыў выкладчыкаў. Па рашэнні Прэзідыума Усесаюзнага Савета фізічнай культуры пры ЦВК СССР у інстытуце быў уведзены фактычна паўваенны рэжым. Гэта была агульнай тэндэнцыі ваенізацыі і абароннай накіраванасці фізкультурнай і спартыўнай працы ў краіне. Студэнтаў апранулі ў адзіную форму і забяспечылі бясплатным трохразовым харчаваннем, наведванне студэнтамі лекцый, семінараў і практычных заняткаў лічылася абавязковым.
С. М. Фрумін амаль 5 гадоў быў членам Прэзідыума Усесаюзнага савета фізічнай культуры пры ЦВК СССР, 10 гадоў членам Ваенна-фізкультурнай камісіі ЦК УЛКСМ, членам бюро фізкультурнай камісіі УЦСПС, членам Бауманского райкама партыі г. Масквы. Яму належыць ідэя паказу штогадовых фізкультурных дасягненняў навучэнцаў інстытута на Краснай плошчы, названыя фізкультурнымі парадамі. Студэнты інстытута прымалі актыўны ўдзел у спаборніцтвах, якія праводзіліся сумесна з арміяй і С. М. Фрумін на іх сустракаўся з камандзірамі РККА: на спартыўных пляцоўках, кортах інстытута. Тут бывалі М. В. Фрунзе, Б. А. Кальпус, І. С. Уншліхт, М. П. Томскі, М. М. Тухачэўскі, В. К. Путна, Б. М. Фельдман і інш камандзіры РККА. Пра гэта сведчаць фатаграфіі, якія знаходзяцца ў фондах гісторыка-спартыўнага музея Расійскага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры, спорту, моладзі і турызму.
Пасля арышту Б. А. Кальпуса, І. С. Уншліхта, М. П. Томскага, М. М. Тухачэўскага, В. К. Путна, Б. М. Фельдмана былі арыштаваны ўсе, хто з імі сустракаліся, у тым ліку і С. М. Фрумін.
21 ліпеня 1937 года С. М. Фрумін Пастановай Усесаюзнага Савета па справах фізкультуры і спорту пры СНК СССР быў зняты з пасады дырэктара інстытута з фармулёўкай «за сувязь з ворагамі народа», а 22 ліпеня 1937 года партыйная арганізацыя інстытута фізкультуры выключыла яго з партыі[3].
Арыштаваны 1 жніўня 1937 г. і пасля допытаў быў уключаны ў расстрэльны спіс “Масква-цэнтр"ад 1 лістапада 1937 г.на 123 чалавек, пад № 109. На спісе ёсць подпісы: «За». Сталін, Молатаў. Аднак справа была адпраўлена на даследаванне. Другі раз уключаны ў спіс № 1 “Масква-цэнтр “ад 20 жніўня 1938 года на 313 чалавек, пад № 286. Суправаджальная запіска М. І. Яжова: «Прашу санкцыі асудзіць усіх па першай катэгорыі». Подпісы:“За”. Сталін, Молатаў [4]. Асуджаны Ваенная калегіяй Вярхоўнага суда СССР 1 верасня 1938 года па першай катэгорыі (расстрэл) па абвінавачванню ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі[5].
Расстраляны 1 верасня 1938 года на палігоне НКУС «Камунарка» Маскоўскай вобласці[6]. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 4 ліпеня 1956 года.
Яго жонку Паленаву Ганну Іванаўну, як члена сям’і здрадніка Радзімы (ЧСЗР) арыштавалі ў 1937 г. і выслалі ў Кустанай у лагер на 5 гадоў. Рэабілітавана ў 1956 г. Пасля рэабілітацыі атрымала даведку аб тым, што яе муж памёр 1 снежня 1945 г.