wd wp Пошук:

Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі

«Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» — беларуская палітычная арганізацыя, дзейнічала ў 1916-1918 гадах у Вільні.

У арганізацыю ўваходзілі В. Ластоўскі, В. Святаполк-Мірскі, К. Шафнагель і інш. З 2.6.1917 па 22.4.1918 выдала 4 лістоўкі з выкладам сваіх поглядаў (іх аўтарам лічыцца В. Ластоўскі). Адмаўляла ідэю Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага, паводле якой на беларускіх і літоўскіх землях, акупіраваных Германіяй, прапаноўвалася стварыць беларуска-літоўскую дзяржаву; выступала за злучэнне падзеленай фронтам Беларусі ў «адзін суцэльны і незалежны арганізм». Прапаноўвала ўстанавіць у незалежнай дзяржаве рэспубліканскі лад, правесці беларусізацыю школ, рэлігійных і дзяржаўных устаноў з забеспячэннем правоў нацыянальных меншасцей. Выступала за тое, каб прадстаўнікі беларускага народа «з абедзвюх старон фронту» былі дапушчаны на мірную канферэнцыю і каб яна прызнала незалежнасць Беларусі; выказвала надзею, што польскае грамадства не будзе чыніць перашкоды ў культурным і нацыянальным будаўніцтве. Прызнаючы права літоўскага народа на незалежнасць, арганізацыя выступала супраць анексіянісцкіх памкненняў дзеячаў Літвы. Лічыла, што палітычная раўнавага ў Еўропе цесна звязана з вырашэннем украінскага пытання, вітала Украінскую раду і жадала, каб Украіна была прызнана незалежнай дзяржавай. Адначасова выказвалася за федэратыўныя сувязі з суседнімі народамі, вылучала ідэю «Беларуска-Украінскай федэратыўнай дзяржавы». Палажэнні праграмы, распрацаванай «Сувяззю незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», прыняты Беларускім народным камітэтам (БНК), канферэнцыяй БНК, Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групай і Віленскім камітэтам Беларускай сацыялістычнай грамады (верасень 1917), а таксама Беларускай канферэнцыяй у Вільні (1918). Палажэнні гэтай праграмы спрабаваў ажыццявіць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Палітычныя арганізацыі беларускай гісторыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Беларусы ў Вільнюсе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Арганізацыі Вільнюса