Суво́йкі (Vorticella) — род кругараснічных інфузорый.
Даўжыня каля 150 мкм. Цела мае форму званочка. На пярэднім канцы (адаральная зона) размешчаны 2 рады раснічак (мембранелы), якія звычайна злучаны паміж сабой і закручаны ўлева. Каляротавая спіраль вядзе да ротавай адтуліны, дапамагае хапаць здабычу.
Адрозніваецца больш за 150 відаў. Пашыраны ў прэсных і марскіх водах. На Беларусі найчасцей адзначаецца сувойка маларотая, ці вартыцэла мікрастома (Vorticella microstoma).
Сядзячыя жывёлы, прымацоўваюцца да субстрату сцяблінкай, якая можа скарачацца.
Кормяцца дробнымі, завіслымі ў вадзе арганічнымі часцінкамі (бактэрыямі, дэтрытам і інш.). Прыродныя фільтратары вадаёмаў. Некаторыя сувойкі з’яўляюцца вонкавымі паразітамі рыб[1].
Пры бясполым размнажэнні ўтвараюцца «бадзяжкі», якія свабодна плаваюць, затым прымацоўваюцца да субстрату. Вядомы полавы працэс — кан’югацыя.