Стра́дубскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 г. вёска) Страдубка.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Старадубкаўскі (Старадубскі) сельсавет у складзе Холмецкага раёна Рэчыцкай акругі БССР. Цэнтр — вёска Старадубка. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. З 4 жніўня 1927 года ў складзе Лоеўскага раёна. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Чаплінскага сельсавета. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Лоеўскім раёне БССР. З 20 лютага 1938 года ў складзе Гомельскай вобласці. З 25 снежня 1962 года ў складзе Рэчыцкага раёна. З 30 ліпеня 1966 года ў складзе адноўленага Лоеўскага раёна. 4 ліпеня 1967 года да сельсавета далучана частка скасаванага Першамайскага сельсавета (з вёскай Рудня-Каменева)[1]. 1 снежня 2009 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Пярэдзелкаўскага сельсавета (12 населеных пунктаў: аграгарадок Пярэдзелка, вёскі Васход, Грамыкі, Казіміраўка, Первамайск, пасёлкі Барэц, Гарадок, Кашовае, Пабядзіцель, Падрачыцкае, Прагрэс і Суткова)[2]. 23 верасня 2011 года скасавана вёска Грамыкі[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года (7 населеных пунктаў) — 676 чалавек[4], з іх 90,7 % — беларусы, 5,9 % — рускія, 1,8 % — украінцы, 0,7 % — немцы[5].