Станіслаў Бжуска (польск.: Stanisław Brzóska; 30 снежня 1832, Дакудаў — 23 мая 1865, Саколаў-Падляскі) — польскі каталіцкі святар, генерал і капелан часоў паўстання 1863—1864 гадоў.
Станіслаў быў сынам шляхціца Марселя Бжускі, які паходзіў са старажытнай мазавецка-падляскай шляхецкай сям’і. Пасля заканчэння школы ў сямнаццаць гадоў ён паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт, які пакінуў пасля трох гадоў навучання, каб заняць месца выкладчыка ў семінарыі ў Янаве Падляскім. 10 сакавіка 1861 года быў арыштаваны за патрыятычную пропаведзь, год правёў за кратамі. З пачаткам студзеньскага паўстання быў правадыром паўстанцаў у Лукаўскім павеце[1]. Быў узведзены ў генералы.
Быў арыштаваны 29 красавіка 1865 года і прысуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне. Пакаранне смерцю адбылося на Сакалоўскім рынку 23 мая 1865 года.