Стадо́лішчанскі сельсаве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — вёска Дубрава.
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Бяскатаўскі сельсавет у складзе Гарадоцкага раёна Віцебскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Бяскатава. Пасля скасавання акруговай сістэмы з 26 ліпеня 1930 года ў Гарадоцкім раёне БССР, з 20 лютага 1938 года — Віцебскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Вышадскага сельсавета[1]. 4 сакавіка 1960 года да сельсавета далучана частка скасаванага Болецкага сельсавета (19 населеных пунктаў: Багамазава, Буракова, Ваўненкі, Вокшава, Грыбалі, Заазер’е, Зайцы, Казырова, Кашчыха, Круглікі, Лапушніца, Міроненкі, Нова-Болецк, Новая Вёска, Перадзелка, Працінцы, Ушакова, Шэцікі і Яроненкі)[2]. 15 кастрычніка 1960 года ў склад сельсавета з Бычыхінскага сельсавета перададзена вёска Загаране[3]. 22 снежня 1960 года ў склад сельсавета з Вярэцкага сельсавета перададзены вёскі Карнілы, Масееўка, Прывальні, Прывальні 2-я і Шандры[4]. 3 ліпеня 1970 года ў склад Бычыхінскага сельсавета перададзены вёскі Забароўцы і Загаране[5]. У 1971 годзе скасаваны вёскі Загуззе і Маркаўцы[6].
26 сакавіка 1973 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Стадолішча, сельсавет перайменаваны ў Стадолішчанскі сельсавет[7][8]. У 1987 годзе скасаваны вёскі Новая Зара і Перацінцы[9]. 8 красавіка 2004 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Вярэцкага сельсавета (14 вёсак: Вярэчча, Дубрава, Забарок, Загуззе, Заналючык, Зарэчча, Казловічы, Канашы, Кручкі, Нізкія, Ноўка, Стаі, Стырыкі, Сяло)[10]. У чэрвені 2009 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Дубрава. 29 верасня 2017 года скасаваны вёскі Бабахіна і Кручкі[11], 31 жніўня 2018 года — вёска Нізкія[12], 24 верасня 2021 года — вёскі Карнілы, Масееўка і Пазнякова[13].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1418 чалавек[14], з іх 89,1 % — беларусы, 8,7 % — рускія, 0,7 % — украінцы[15].