wd wp Пошук:

Сожская культура

Сожская культураархеалагічная культура, якая была вылучана ў 1970-я гады для характарыстыкі эпохі мезаліту басейнаў Верхняга Дняпра, Сажа, Бярэзіны, Беседзі. Паводле даследчыкаў (В. Ф. Капыцін, А. Г. Калечыц), сожская культура — вынік кантактаў і ўзаемаўплываў насельніцтва грэнскай культуры і свідэрскай культуры, што адбываліся пасля заканчэння ледавіковай эпохі. Грэнскія рысы прасочваюцца ў тэхніцы расшчаплення крэменю, заснаваныя на монафрантальным сколванні пласцін і адшчэпаў з адна- і двухпляцовачных неуклеусаў, у асобных тыпах прылад працы (канцавыя, двайныя, акруглыя скрабкі, рэтушныя, на зломе нарыхтоўкі і двухгранныя разцы, вырабы з выемкай, вастрыі, свердзелы і праколкі, сякучыя вырабы). Нарыхтоўкамі для прылад пераважна былі адшчэпы. Свідэрскія традыцыі праяўляліся ў формах чаранковых наканечнікаў стрэл, зробленых на ножападобных пласцінах.

Эталоннымі помнікамі сожскай культуры лічыліся стаянкі Горкі, Журавель, Кліны-2, на Сажы, Аўрамаў Бугор, Бабулін Бугор на Беседзі, Берагавая Слабада, Новы Быхаў, Няраж на Дняпры, Гарадок, Васілевічы, Міхайлаўка на Бярэзіне. Помнікі датаваліся познім мезалітам (8—6-е тыс. да н.э.). Лёс насельніцтва сожскай культуры звязваўся з фарміраваннем верхнедняпроўскай культуры эпохі неаліту.

Эквівалентам сожскай культуры выступала днепра-дзяснінская культура, вылучаная ў 1980-я гады У. П. Ксяндзовым. Для абгрунтавання яе вылучэння выкарыстоўваліся матэрыялы помнікаў, што адносіліся да сожскай культуры. Вывучэнне матэрыялаў сожскай і днепра-дзяснінскай культур паказала, што яны не з’яўляюцца самастойнымі культурнымі з’явамі ў мезаліце усходняй Беларусі і наўрад ці існавалі. Кангламерат крамянёвых комплексаў апорных стаянак, якія раней адносіліся да гэтых культур, не можа лічыцца вынікам «культурных кантактаў» старажытнага насельніцтва, а з’яўляецца прыкладам механічнай змяшанасці матэрыялаў розных культур ад фінальнага палеаліту да бронзавага веку ўключна.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Еўропы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак