Скапанія завостраная (Scapania apiculata) — від пячоначных імхоў роду Скапанія (Scapania) сямейства Скапаніевыя (Scapaniaceae).
Дзярнінкі рыхлыя, жаўтавата-зялёныя. Парасткі ляжачыя або прыўзнятыя, даўжынёй 2—5 см. Лісце двухбаковаадыходнае, шчыльна размешчанае, да трэці або сярэдзіны расчлянёнае на 2 няроўныя кіляватыя лопасці. Ніжняя лопасць яйкападобная, завостраная; верхняя меншая за ніжнюю, завостраная. Клеткі лісця акруглыя, з вузлаватымі патаўшчэннямі. Перыянцый зажаты ў дарзавентральным напрамку. Каробачка на ножцы, эліпсападобная, чырвона-бурая, раскрываецца падоўжнымі створкамі.
Арктабарэальны від з цыркумпалярным арэалам, які займае ў асноўным таежную і падтаежную зоны. У Беларусі вядомы толькі на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка (на паўднёвай мяжы пашырэння). Месцы росту: загніўшая драўніна ў сырых забалочаных лясах.
Двухдомны. Спараносіць летам. Размнажэнне вегетатыўнае — аднаклетачнымі акруглымі або авальнымі вывадковымі пупышкамі, якія развіваюцца ў цёмна-бурых кучках на верхавінках звычайнага лісця або дробнага дэфармаванага лісця прамастойных парасткаў.