wd wp Пошук:

Серафім (Шахмуць)

Серафім, свецкае імя Раман Раманавіч Шахмуць (15 ліпеня 1901, в. Падлессе, Слуцкага павета Мінскай губерні, цяпер Ляхавіцкі раён — напэўна 5 сакавіка 1946, Унжанскі лагер[ru] ГУЛАГ НКУС, Горкаўская вобласць) — архімандрыт Рускай праваслаўнай царквы.

Кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой як святамучанік (2000). Памяць 24 жніўня (дзень арышту), а таксама ў Саборы навамучанікаў і спаведнікаў расійскіх і Саборы беларускіх святых.

Біяграфія

Нарадзіўся ў беднай шматдзетнай сялянскай сям’і Рамана і Алены Шахмуцяў, беларус паходжаннем[1]. З дзяцінства наведваў падлесскую Свята-Духаву царкву[1] (пры настаяцелю Іосіфе Кезевічы[1]) і меў імкненне да царкоўнага жыцця, калі іншыя дзеці бавіліся звычайнымі гульнямі, ён часта з палачак рабіў крыжыкі, апранаў як епітрахіль фартух і «правіў службу».

Нягледзячы на крайнюю беднасць, у 1915 годзе скончыў Ляхавіцкае двухкласнае народнае вучылішча. У тым жа 1915 годзе памёр бацька, і маці засталася з дзецьмі адна. З 1916 года стаў паслушнікам мінскага Свята-Духава манастыра, але ў 1917 годзе праз падзеі Першай сусветнай вайны вярнуўся ў Падлессе, на акупаваную кайзераўскімі войскамі тэрыторыю.[1]

У 1921 годзе здаў іспыты на псаломшчыка, служыў у вяляціцкай Спаса-Праабражэнскай царкве ў Барысаўскім павеце. Потым перабраўся на тэрыторыю міжваеннай Польшчы, з чэрвеня 1922 года паслушнік жыровіцкага Успенскага манастыра ў Слонімскім павеце, дзе 1.4.1923 года прыняў манашаскі пострыг з імем Серафім. Праз добрыя пеўчыя здольнасці, яму даручылі клірасны послух, стаў добрым рэгентам і ўстаўшчыкам. Рукапаложаны архіепіскапам Панцеляймонам (Ражноўскім) у іерадыякана (1926), іераманаха (1935). У 1926 годзе накіраваны ў прыход вёскі Курашова тагачаснага Бельскага павета Беластоцкага ваяводства. Актыўна займаўся місіянерскай дзейнасцю сярод мясцовых жыхароў, якія ў 1920-я — пачатку 1930-х гадоў перайшлі да уніі. У канцы 1939 года архіепіскапам Панцелеймонам (Ражноўскім) узведзены ў сан ігумена, потым архімандрыта.[1]

Падчас Другой сусветнай вайны, са жніўня 1941 года архімандрыту Серафіму і айцу Рыгору Кударэнку мітрапалітам Панцелеймонам (Ражноўскім) даверана аднаўленне прыходскага жыцця на акупаванай нацыстамі тэрыторыі Беларусі. Дарогай у Мінск місіянеры наведвалі вёскі і мястэчкі Капыльскага, Слуцкага, Уздзенскага раёнаў, дзе збіралі на імя мітрапаліта прашэнні вернікаў з просьбай адкрыцця царкоўных прыходаў. З лістапада 1941 да пачатку 1942 года служыў у Мінску ў царкве былога Спаса-Праабражэнскага жаночага манастыра. У студзені 1942 года з айцом Рыгорам Кударэнкам выехаў на Віцебшчыну, дзе зноў збіраў прашэнні пра адкрыццё бажніц, правіў богаслужэнні, хрысціў дзяцей. Пазней місіянеры наведалі Быхаў, Жлобін, Магілёў, Гомель. У Чонках Гомельскай вобласці адкрылі жаночы манастыр. Увосень 1943 года вярнуліся ў Мінск. Служылі ў Свята-Духавай царкве (цяпер кафедральны сабор). Перад вызваленнем Мінска, у чэрвені 1944 года місіянеры пераехалі ў Гродна.[1]

Арыштаваны разам з Рыгорам Кударэнкам у Гродна 6 верасня 1944 года органамі НКУС і праз 5 дзён перавезены ў Мінскую турму. Абвінавачваліся ў актыўным супрацоўніцтве з СД. Архімандрыт Серафім катэгарычна адмаўляў гэтае абвінавачванне. Архімандрыт Серафім, айцец Рыгор Кударэнка і айцец Іван Шышла асуджаны Асобай нарадай пры НКУС СССР 7 ліпеня 1945 года да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Этапаваны, напэўна, ва Унжанскі лагер МДБ Горкаўскай вобл. (ст. Сухабязводнае[ru]). Архімандрыт Серафім загінуў у зняволенні[1], паводле афіцыйнай версіі памёр ад сардэчнай недастатковасці.

Рэабілітаваны Пракуратурай Беларусі 22.4.1994 года. Групавая справа архімандрыта і іншых № 35844-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.[1]

У 1999 годзе Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы далучаны да ліку святых навамучанікаў. У 2000 годзе кананізаваны Архіерэйскім Саборам РПЦ.[1]

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Маракоў, 2007

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Памерлі ва Унжлагу
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1901 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слуцкім павеце
Катэгорыя·Памерлі ў 1946 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ляхавіцкім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў ГУЛАГу
Катэгорыя·Пасмяротна рэабілітаваныя
Катэгорыя·Архімандрыты Рускай праваслаўнай царквы
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 ліпеня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 5 сакавіка