wd wp Пошук:

Сагдыяна

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сагдыяна (значэнні).

Тэрыторыя Согда каля 300 г. да н.э.

Сагдыя́на (таксама Согд; стар.-грэч.: Σογδιανή; перс.: سغد — Sōġd; тадж.: Суғд — Sughd; узб.: Sogd - Сўғд) — гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі ў двурэччы Окса і Яксарта. Цяпер тэрытарыяльна падзелена паміж Узбекістанам (дзе размяшчаўся цэнтр Сагдыяны горад Самарканд) і Таджыкістанам (Сагдыйская вобласць).

Гісторыя

Сагдыяна на карце Імперыі Ахеменідаў

Назва Согд упершыню згадваецца ў свяшчэннай кнізе «Авесце». Мяркуюць, што гэта слова мела наступныя значэнні «свяшчэнны», «запалены» або «чысты».

У VIII стагоддзі да нашай эры тут была заснавана сталіца дзяржавы — Мараканда.

Тапонім Сагдыяна выкарыстоўваўся як назва вобласці Сугуда — правінцыі імперыі Ахеменідаў, дзевятнаццатая ў спісе цара Дарыя Вялікага на скале Бехістун, займала тэрыторыю сучасных Таджыкістана (акрамя Паміра) і Узбекістана (акрамя Харэзма). Сагдыяна ляжала на поўнач ад Бактрыі.

На тэрыторыі Согда знаходзіліся гарады Мараканда (Самарканд), Кіропаль і інш. У VI—IV стст. да н.э. уваходзіў у старажытнаперсідскую Ахеменідскую дзяржаву. Разам з Парфіяй, Харэзмам і Арэяй Согд быў уключаны ў яе 11-ю сатрапію. Насельніцтва Согда плаціла значныя падаткі срэбрам, пастаўляла каштоўныя камяні, падавала персідскім царам буйныя вайсковыя кантынгенты.

У 329—327 да н.э.[1] насельніцтва Согда на чале са Спітаменам (забіты ў 327 да н.э.[1]) аказала зацятае супраціўленне Аляксандру Македонскаму. Аляксандр Македонскі аб’яднаў Сагдыяну і Бактрыю ў адну сатрапію, кіраваць якой быў прызначаны Філіп. Па некаторых даных, Кіропаль (Істараўшан) быў пераназваны ў Александрыю Эсхату (Александрыя Крайняя) Аляксандрам Македонскім.

Пасля смерці Аляксандра Македонскага (323 да н.э.) праз 2 гады паводле пагаднення ў Трыпарадысе Сагдыяна разам з Бактрыяй дасталася сатрапу Арыі Стасанору[2]. У 305 годзе да н.э. гэтыя ўладанні былі заваяваны царствам Селеўкідаў. У сярэдзіне III ст. да н.э. гэта сатрапія была ператворана Дыядотам у Грэка-бактрыйскае царства, якое праіснавала да II стагоддзя да н.э., калі было саслаблена скіфамі і падпарадкавана Харэзму. У першыя стагоддзі н.э. Сагдыяна ўваходзіла ў склад Кушанскага царства.

У канцы IV—V стст. н.э. быў заваяваны эфталітамі, у VI—VII стст. — Цюркскім каганатам.

З IV да VIII стст. на тэрыторыі Согда існавала мноства аўтаномных княстваў (найважнейшае — Самаркандскае). Согд адыгрываў значную ролю ў эканамічным і культурным жыцці Усходу. Купцы з Согда трымалі ў сваіх руках гандаль шоўкам. Гандлёва-земляробчыя калоніі Согда існавалі на ўсіх асноўных караванных шляхах ад Манголіі і Кітая да Мерва. З VII стагоддзя па сярэдзіну VIII стагоддзя ў Самаркандскім Согдзе кіравала дынастыя Іхшыдаў, вядомымі кіраўнікамі якой былі Шышпір, Вархуман, Мастан-Навіян, Тархун, Гурэк, Тургар.

Напачатку VIII стст. заваяваны арабамі.

Даліна ракі Зераўшан захоўвала сваё старажытнае імя да Сярэднявечча, калі яна была вядомая як Согд Самаркандскі. У склад Согда таксама ўваходзіў Бухарскі аазіс і Кашкадар’я.

Культура

Пра высокі ўзровень культуры і мастацтва Согда сведчаць шматлікія адкрыцці савецкіх археолагаў на яго тэрыторыі (Афрасіяб, Пенджыкент, Варахша, Калаі-Муг і інш.).

Мастацтва старажытнага Согда мала вывучана; некаторае ўяўленне пра архітэктуру даюць сырцовыя пабудовы і фартыфікацыйныя збудаванні гарадзішча Афрасіяба (2-я палова I тыс. да н.э. — першыя стагоддзі н.э.), Кызыл-Кыра і Талі-Барзу (абодва — першыя стагоддзі н.э.). Выяўленчае мастацтва найбольш яскрава прадстаўлена дробнай тэракотавай пластыкай (III—I стст. да н.э.). Асобныя тэракоты сведчаць пра пранікненне эліністычных мастацкіх прынцыпаў; іншыя паказваюць фарміраванне лакальнага тыпу, які адрозніваецца дакладнай перадачай этнічных рыс, абагульненасцю і ператызмам вобразаў.

Геаграфія

Согд падзяляўся на некалькі ўладанняў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў Самаркандскім Согдзе, акрамя Самарканда, Кабудан, Ішціхан і Маймург, у даліне Кашкадар’і — Кэш і Нахшеб. Усе гэтыя ўладанні ў нейкай меры залежалі ад Самаркандскага Согда. У Бухарскім Согдзе акрамя самой Бухары адзначаюцца яшчэ Пайкенд, Вардана.

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 AsiaPlus Архівавана 4 лістапада 2013.
  2. Дыядор Сіцылійскі Гістарычная бібліятэка Кніга 18. 39.6.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Гістарычныя вобласці Таджыкістана
Катэгорыя·Сагдыяна
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Гісторыя Таджыкістана
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе