«Рыцар з рукой на грудзях» — карціна іспанскага мастака Эль Грэка, напісаная ў Таледа каля 1580 года. Найбольш вядомы ў серыі свецкіх партрэтаў невядомых кабальера ў чорным адзенні і белых фрэзах на цёмным фоне[2]. У наш час захоўваецца ў Прада.
Пастава кабальера можа азначаць дачу прысягі, або праяву даверу пры заключэнні дагавора, або высакароднае паходжанне персанажа, або нават тайны ўмоўны сігнал. Залатая шпага і медальён паказваюць на заможнасць і прыналежнасць да вышэйшых слаёў грамадства. Знешняе аблічча персанажа тыповае для двараніна эпохі Залатога веку Іспаніі. Пры рэстаўрацыі карціны высвятлілася, што першапачаткова фон быў не чорны, а светла-шэры, але з часам карціна пацямнела. Багацце адценняў на цёмным адзенні сведчыць пра ўплыў на Эль Грэка венецыянскай школы жывапісу[3].
Раней лічылася, што «Рыцар з рукой на грудзях» з’яўляецца партрэтам Сервантэса[4], але цяпер большасць мастацтвазнаўцаў схіляецца да таго, што на партрэце намаляваны Хуан дэ Сільва-і-Рыбера, трэці маркіз Монтэмаёра і алькальд Таледскага алькасара[5]. Мастацтвазнавец Алекс Бергхарт і мастак Роберт Шрайв дапушчаюць магчымасць таго, што гэта аўтапартрэт мастака[6].