Рыхард Герстль (14 верасня 1883 — 4 лістапада 1908) — аўстрыйскі мастак-экспрэсіяніст.
Нарадзіўся ў багатай сям’і: яго бацька Эміль Герстлен быў габрэйскім гандляром, а маці Марыя (народжаная Пфайфер) — аўстрыйкай. Вучыўся ў школе піярыстаў, але быў выключаны з-за крайняй імпульсіўнасці, незалежнасці меркаванняў і бунтарскага характару. У 1898 годзе паступіў у Акадэмію прыгожых мастацтваў у Вене, якую таксама не скончыў. Падчас вучобы адмаўляўся ўспрымаць вядучую ролю венскай сецэсіі. Расчараваны адсутнасцю ўспрымання яго манеры малявання, з уласцівай яму ўпартасцю ў дасягненні мэтаў, Герстлен на працягу наступных двух гадоў займаўся тытанічнай самаадукацыяй пры адсутнасці афіцыйнага прызнання. Часта пісаў пейзажы і партрэты. Пра яго працы казалі, што на іх нябачна прысутнічае Фрэйд. З лета 1901 года працягваў вучыцца жывапісу пад кіраўніцтвам Сымона Халошы ў трансільванскім горадзе Надзьбанья і Генрыха Лефлера ў Вене.
Акрамя жывапісу, цікавіўся музыкай і філасофіяй, падтрымліваў цесныя кантакты з кампазітарамі Арнольдам Шонбергам, Аляксандрам фон Цэмлінскім, якія жылі з ім у адным доме, а таксама Густавам Малерам і Альбанам Бергам.