Руткевіцкі парк — помнік прыроды рэспубліканскага значэння, знаходзіцца паблізу вёскі Руткевічы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.
Закладзены ў другой палове XVIII — пачатку XIX ст., рэгулярнага тыпу, з элементамі больш позняй пейзажнай планіроўкі. Плошча 5 га. Зберагліся 4 невялікія тэрасы, фрагменты ліпавых прысад. Да парку прымыкае пладовы сад.
У дрэвастоі налічваецца каля 80 відаў і форм дрэвавых і кустовых парод; з мясцовых — елка, ліпа, вярба, з экзотаў — елка блакітная, туя заходняя, лістоўніца польская, язмін садовы і інш.