Ракытніўскі раён[1] (укр.: Рокитнівський район) — адміністрацыйная адзінка на поўначы Ровенскай вобласці Украіны. Адміністрацыйны цэнтр — Ракытнэ[1] (укр.: Рокитне).
Утвораны ў 1940 годзе. Насельніцтва раёна на 1 лютага 2015 года складае 56276 чалавек, плошча — 2350 км².
Мяжуе на поўначы з Пінскім раёнам Беларусі.
Першыя паселішчы на тэрыторыі раёна згадваюцца ў апісанні ўласнасці ўкраінскіх магнатаў сярэдзіны XVI стагоддзя. З часу заснавання і да 1922 года паселішча было вядомае як Ахотнікава. Паходжанне гэтай назвы найперш звязвалі з імем уласніка земляў. Новы этап развіцця паселішча пачаўся ў 1888 годзе, калі бельгіец Розэнберг выкупіў невялікую дзялянку з кварцавымі пяскамі ў ваколіцы сяла Ракытнэ. Гэтыя пяскі былі прыдатныя для шкловарэння, а таму тут былі ўсе неабходныя ўмовы стварыць, няхай і прымітыўную, але дзейную гуту. Гэта зрабілася штуршком для хуткага развіцця паселішча, і ў выніку ў 1898 годзе быў заснаваны шклозавод.
У 1900 праз раён была пракладзеная чыгунка Кіеў—Ковель. Каляіна праходзіла праз паселішча, і такім чынам з’явілася чыгуначная станцыя Ракытнэ (укр.: Рокитне), што станоўча сказалася на развіцці прамысловасці ў краі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора Ахотнікава адыйшло да Польшчы. Праз год паселішча было перайменаванае ў Ракытнэ, а чыгуначная станцыя атрымала назву Ракытнэ-Валынскэ (укр.: Рокитне-Волинське).
У верасні 1939 года Ракытнэ ў складзе Заходняй Украіны было далучанае да УССР, а праз год, у студзені 1940 года паселішча зрабілася раённым цэнтрам.
Тэрыторыя раёна адміністрацыйна складаецца з 2 пасялковых і 14 сельскіх саветаў.
На тэрыторыі раёна размешчаны 2 пасёлкі гарадскога тыпу і 37 сёлаў.