У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пузына. Пётр Пузына (21 ліпеня 1664, Новагародскае ваяводства — 1 сакавіка 1717, Вільня) — дзеяч каталіцкага касцёла, тэолаг і падагог з роду Пузынаў.
Сын упіцкага падчашага Яна Казіміра Пузыны і Кацярыны Фашч[2]. Пасля сканчэння курса паэтыкі ў Віленскай акадэміі 28 кастрычніка 1677 г. уступіў у Вільні ў Таварыства Ісуса. Пасля выпрабаванняў у навіцыяце пад кіраўніцтвам прафесара Яна Вікірата з 1679—1680 гг авалодваў педагагічным майстэрствам у настаўніцкай семінарыі, што дзейнічала пры Слуцкім езуіцкім калегіуме. Вывучаў філасофію (1780—1783) і тэалогію (1787—1791) у Віленскай акадэміі. Высвечаны на ксяндза ў Вільні ў 1791 г.[3]
Выкладаў у класах інфімы і граматыкі ў Навагрудку (1683—1684), граматыкі (1684—1685) і паэтыкі (1685—1686) у Ломжы і паэтыкі ў Пултуску (1686—1687). Прафесар рыторыкі і этыкі ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні (1691—1692, 1699—1705), Нясвіжы (1692—1693), Крожах (1694—1695), Оршы (1695—1699). У 1701—1705 гг. быў прэфектам езуіцкай друкарні ў Вільні. Займаючы ў 1705—1709 гг. пасаду суперыёра рэзідэнцыі Таварыства Ісуса ў Магілёве, працягваў будаўніцтва касцёла Св. Францыска Ксаверыя і Анёлаў Ахоўнікаў. У 1709—1713 гг. — рэктар Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У апошнія гады жыцця — прапаведнік пры двары біскупа Віленскага Канстанціна Казіміра Бжастоўскага[2][4].
П. Пузына меў рэпутацыю добрага паэта, перакладчыка і тэолага. Апублікаваў панегірык Lunatio numero et omine secunda, generis, pietatis, bellicae … cum Illmus Servatium Michael in Wiszniowiec Principis Korybuth (Пінск, 1701), а таксама тэзісы ў галіне этыкі, палітыкі і эканомікі Ars felicitatis sive ethica (Вільня, 1703). У бібліятэцы князёў Чартарыйскіх у Кракаве захоўваюцца рукапісы яго лекцый, чытаных у Оршы, а ў Вільні — курс лекцый па этыцы перыяду выкладання ў Віленскай акадэміі.[5][6].