wd wp Пошук:

Пузыраногія

Пузыраногія, махрыстакрылыя, трыпсы (Physopoda, або Thasanoptera) — атрад насякомых.

Апісанне

Даўжыня да 5 мм (у тропіках да 14 мм). Афарбоўка дарослых разнастайная, лічынак — ярка-чырвоная або ружаватая. Цела ўкрыта дробнымі шчацінкамі. Вусікі 6—10-членікавыя. Ротавы апарат асіметрычны, колюча-сысучы. Ногі з 1—2-членікавымі лапкамі, паміж кіпцюркамі лапак пузырападобныя прысоскі (адсюль назва). Большасць пузыраногіх маюць дзве пары крылаў з махрамі па краі з доўгіх раснічак (адсюль другая назва). Пярэднягрудзі рухома злучаны з галавой і сярэднегрудзямі. Брушка з 11 сегментаў.

Распаўсюджанне

Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на травяністых і дрэвавых раслінах, імхах, лішайніках, у глебе. На Беларусі найбольш часта трапляюцца трыпсы: трыпс аржаны (Limothrips denticornis), трыпс бабовы (Odontothrips intermedius), трыпс люцэрнавы (Odontothrips phaleratus), трыпс канюшынны (Haplothrips niger), трыпс лісцевы (Haplothrips subtilissimus), трыпс пшанічны (Haplothrips tritici), трыпс ільняны (Thrips linarius), трыпс тытунёвы (Thrips tabaci).

Падзяляецца на 2 падатрады: яйцакладныя і трубкахвостыя. Адрозніваецца каля 2 тыс. відаў.

Асаблівасці біялогіі

Кормяцца сокамі раслін, ёсць драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі маюць 4—5 узростаў, не кормяцца, мала- або нерухомыя. За год змяняецца да 10 пакаленняў.

Значэнне для чалавека

Большасць відаў шкодзяць сельскагаспадарчым, дэкаратыўным і лясным раслінам, пераносяць узбуджальнікаў вірусных хвароб раслін.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Пузыраногія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Атрады насякомых
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта