У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Прэсіян. Прэсіян (балг.: Пресиян; памёр у 852) — хан Балгарыі з 836 па 852 год, сын Звініцы, старэйшага брата хана Маламіра.
Прэсіян атрымаў у спадчыну прастол Балгарыі пасля смерці свайго дзядзькі Маламіра ў 836 годзе.
У 837 годзе смаляне (славянскае племя ў Македоніі) паўсталі супраць візантыйскай улады, заключыўшы саюз з балгарскім ханам Прэсіянам. У выніку чарговай балгара-візантыйскай вайны Балгарыя набыла Македонію і Паўднёвую Албанію, атрымаўшы выхад да Эгейскага і Адрыятычнага мораў. Такім чынам, ваенныя дзеянні хана Прэсіяна падзялілі Візантыю на тры адрэзаныя адна ад адной часткі: Паўночную Албанію, Эладу і суседнія тэрыторыі каля Канстанцінопаля, разам з Малой Азіяй.
У выніку паспяховых ваенных дзеянняў маркграфа Усходняй маркі Радбада, франкам у 838 годзе ўдалося аднавіць свой кантроль над Пасаўем, якое балгары захапілі пры хане Амуртагу.
У 839 годзе балгары напалі на сербаў, але пацярпелі паражэнне. Верагодна, канфлікт быў справакаваны візантыйскай дыпламатыяй.
Хан Прэсіян сканаў у 852 годзе. Новым кіраўніком Балгарыі стаў яго сын Барыс I.