Пратэ́ст на Ро́зенштра́сэ («Вуліцы ружаў») у Берліне — мірная дэманстрацыя ў Трэцім рэйху, скіраваная супраць дзеянняў рэжыму. У сямідзённых пратэстах цягам лютага — сакавіка 1943 года ўдзельнічалі этнічныя немкі — жонкі і сваячкі жыдоў, арыштаваных дзеля дэпартацыі паводле расавай палітыкі Трэцяга рэйха. Выступленне скончылася вызваленнем усіх арыштаваных. Пратэст на Розенштрасэ — адзіная масавая дэманстрацыя немцаў у Трэцім рэйху супраць дэпартацыі яўрэяў[1].
Нюрнбергскія законы Трэцяга рэйха не адрознівалі яўрэяў, жанатых з людзьмі іншай веры, ад «поўных яўрэяў», і прадугледжвалі такое самае да іх стаўленне[2]. Нацысты намагаліся спрасціць працэдуру разводу ў такіх выпадках; тым не менш, 90 % прадстаўнікоў арыйскай расы вырашылі трымацца свайго шлюбу[3], таму рэжым мусіў устрымлівацца ад пераследу такіх яўрэяў, магчыма, баючыся раскрыцця сакрэтнасці «канчатковага рашэння». У 1939 годзе ў Трэцім рэйху налічвалася 30 000 сужэнскіх параў, адной паловай у якіх з’яўляліся яўрэі[4].
22 студзеня 1943 года Іозеф Гебельс і Адольф Гітлер вырашылі канчаткова ачысціць Германію ад яўрэяў[5][6]. 18 лютага ў сваёй прамове пра «татальную вайну»[d] Гебельс згадаў і патрэбу ва «ўнутранай бяспецы ад паўторнага ўдару ў спіну»[7].
27 лютага Гестапа пачало ў часе «Фабрычнай акцыі[d]» арыштоўваць апошніх яўрэяў у Берліне і накіроўваць іх у транзітныя лагеры. 1800 арыштаваных мужчын, якія былі жанаты з неяўрэяўкамі, аддзялілі ад астатніх 10 000 арыштаваных і змясцілі ў будынках на Розенштрасэ 2—4[8], паколькі яны з’яўляліся «прывілеяванымі» нават паводле нацысцкіх законаў[9]. Ужо ўвечары 27 лютага перад гэтымі будынкамі і пачаліся жаночыя пратэсты з патрабаваннем вярнуць іх мужоў[10]. Яны разыходзіліся пасля пагрозаў адкрыць вагонь, але праз пэўны час зноў збіраліся на дэманстрацыю[11]. 1 сакавіка 1943 года пратэст давялося прыпыніць, бо пачалася бамбарзіроўка Берліна брытанскай авіяцыяй[12].
РСХА прапаноўвала расстраляць пратэст, аднак Гебельс забараніў гэта, палічыўшы пратэст не палітычным, а проста жаданнем жанчын вярнуць сваіх мужоў; а немагчымасць схаваць магчымае забойства немцаў магло падарваць дух адзінства нацыі[12]. 6 сакавіка Гебельс, з’яўляючыся гаўляйтарам Берліна, загадаў вызваліць усіх зняволеных у будынках на Розенштрасэ 2—4. Яго міністэрства спрабавала схаваць інфармацыю пра дэманстрацыю, аднак у пачатку сакавіка брытанскія і амерыканскія газеты распаўсюдзілі пра яе інфармацыю. Тады Гебельс паспрабаваў прадставіць як пратэст супраць брытанскай бамбардзіроўкі Берліна.
Гебельс не стаў выконваць сваё абяцанне Гітлеру зноў паспрабаваць дэпартаваць выжылых з Розенштрасэ ў Аўшвіц, баючыся ўзнаўлення пратэстаў. Замест гэтага 18 красавіка 1943 года ён запатрабаваў ад іх зняць з вопраткі жоўтыя зоркі Давіда.
Неўзабаве высветлілася, што жанчыны сваім пратэстам на Розенштрасе, самі таго не ведаючы, выратавалі жыццё парыжскім яўрэям. Спасылаючыся на тое, што не вырашанае пытанне з берлінскімі жанатымі яўрэямі, памочнік Адольфа Айхмана ў Яўрэйскім аддзеле РСХА Рольф Гюнтэр апраўдваў нявысылку такіх самых яўрэяў з Парыжу. 21 мая 1943 года Эрнст Кальтэнбрунер з РСХА выдаў загад пра вызваленне з канлцягероў усіх нямецкіх яўрэяў, жанатых у змяшаных шлюбах, акрамя вінаватых у крымінальных злачынствах. Гэтым загадам таксама былі пералічаны чатыры катэгорыі яўрэяў, якія дагэтуль пазбягалі дэпартацыі; тры катэгорыі было загадана дэпартаваць, а ў чацвертую ўключылі яўрэяў са змяшаных шлюбаў. Усе такія сем’і перажылі Халакост.
Пратэст на Розенштрасэ быў адзіным супраць «канчатковага рашэння яўрэйскага пытання» ў нацысцкай Германіі[13].
Будынак на Розенштрасэ каля Александэрплаца, дзе трымалі схопленых яўрэяў, быў знішчаны падчас бамбарзіроўкі Берліна саюзнікамі напрыканцы вайны. Цяпер на гэтым месцы стаіць ружовая калона з інфармацыяй пра дэманстрацыю.
У сярэдзіне 1980-х гадоў усходненямецкая скульптарка Інгеборг Гунцынгер стварыла мемарыял жанчынам, якія пратэставалі на Розенштрасэ. У 1995 годзе гэты мемарыял пад назвай «Блок жанчын» (ням.: Block der Frauen) быў пастаўлены ў парку непадалёк ад месца падзей.
У 2003 годзе пра падзеі на вуліцы Ружаў рэжысёрка Маргарэта фон Трота зняла фільм «Розенштрасэ».