wd wp Пошук:

Пракламацыя аб вызваленні рабоў

Пракламацыя аб вызваленні рабоў - гэта загад, які 1 студзеня 1863 г. выдаў Аўраам Лінкальн. Згодна гэтай пракламацыі, ваенная становішча (Грамадзянская вайна) вымусіла Прэзідэнта прыняць непапулярныя меры супраць Канфедэрацыі Паўднёвых Штатаў: вызваліць усіх рабоў на тэрыторыі ЗША, якая яшчэ заставалася пад кантролем канфедэратаў.

Пракламацыя заставалася “на паперы”, пакуль войскі ЗША не атрымалі поўную перамогу над канфедэратамі[1]. Вызваленне рабоў на ўсёй тэрыторыі ЗША адбылося ў канцы 1865 г., калі пачала дзейнічаць 13-я папраўка да Канстытуцыі краіны[2].

Тэкст Пракламацыі

Паколькі ў дваццаць другі дзень верасня, у годзе ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча васемсот шесцьдзесят другім Прэзідэнт выдаў пракламацыю, у якой, акрамя іншага, было наступнае, а менавіта:

“Што ў першы дзень студзеня у год ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча васемсот шесцьдзесят трэцім усе асобы, якіх утрымліваюць у якасці нявольнікаў у любым Штаце ці пэўнай частцы Штату, дзе насельніцтва будзе знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, павінны быць з гэтага часу і назаўжды свабоднымі; а Выканаўчы Ўрад Злучаных Штатаў, уключаючы кіраўніцтва узброеных сіл і флоту, прызнае і абароніць свабоду такіх асоб і не будзе прадпрымаць аніякіх дзеянняў супраць намаганняў такіх асоб, якія яны могуць рабіць каб тая свабода ажжыццявілася.

Што Урад, у першы дзень студзеня вышэйазаначанага пракламацыяй году, вызначыць Штаты і часткі Штатаў, ў якіх людзі будуць знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, пры факце, што пэўны Штат ці яго жыхары будуць на гэты дзень, сумленным чынам, прадстаўлены ў Кангрэсе Злучаных Штатаў членамі, абранымі большасцю прызначаных выбаршчыкаў такога Штату, і што не будзе прадстаулена грунтовага доказу супраць гэтага Штату, будзе лічыць дастатковым сведчаннем , што гэты Штат і яго насельніцтва ня ўдзельнічаюць у паўстанні супраць Злучаных Штатаў.”

Цяпер, такім чынам, я Аўраам Лінкальн, Прэзідэнт Злучаных Штатаў на падставе ускладзенай на мяне улады Галоўнакамандуючага Арміі і Флоту Злучаных Штатаў у час узброенага паўстання супраць улады Злучаных Штатаў і як адпаведную і неабходную меру ваеннага часу для падушэння гэтага паўстання, у першы дзень студзеня у годзе нашага Госпада адна тысяча васемсот шесцьдзесят трэцім, у згодзе з маей мэтай загадваю абвясціць аб гэтым публічна на працягу ста дзён, пачынаючы з першага вышэйазначанага дню, вызначыць Штаты і часткі Штатаў дзе людзі будуць знаходзіцца ў стане паўстання супраць Злучаных Штатаў, а менавіта:

Арканзас, Тэхас, Луізіана (акрамя акруг Сейнт. Бернард, Плэкмаінз, Джеферсан, Сейнт Джон, Сейнт Чарлз, Сейнт Джеймс Эсешн, Эсампшн, Тэрбон, Лафурш, Сейнт Мэры, Сейнт Марцін і Арлеан, у тым ліку Новы Арлеан), Місісіпі, Алабама, Фларыда, Джорджыя, Паўдневая Караліна, Паўночная Караліна і Вірджынія (акрамя сарака дзевяці графств, азначаных як Заходняя Вірджынія, а таксама графств Берклі, Экомэк, Нортхэмптан, Элізабэт Сіці, Ёрк, Прынсэс Энн і Норфалк, у тым ліку гарады Норфалк і Портсмут [)], тэрыторыі, на якія пакуль не распаўсюджвалася дзеянне гэтай пракламацыі.

І, на падставе сваей ўлады, а таксама дзеля дасягнення вышэй азаначанай мэты, я абвяшчаю ўсіх асоб, якіх утрымліваюць у якасці нявольнікаў на тэрыторыі азначаных Штатаў і частак Штатаў, з гэтага часу вольнымі, а Выканаўчаму Ўраду Злучаных Штатаў, уключая кіраўніцтва Арміі і Флоту загадваю прызнаваць і абараняць свабоду гэтых асоб.

Пры гэтым я загадваю асобам, якіх я аб’явіў свабоднымі, устрымлівацца ад усіх форм насілля, за выключэннем неабходнай самаабароны; і я рэкамендую ім ва ўсіх абставінах, калі ім дазволяць, сумленна працаваць за дапушчальную аплату.

І яшчэ я аб’яўляю, што тыя з гэтых асоб, якія адпавядаюць неабходным умовам, будуць прыняты да узброенай армейскай службы на карысць Злучаных Штатаў ва ўмацаваных гарнізонах, вайсковых размяшчэннях, на баявых пастах і ў іншых мястах, а таксама на вайсковых водных транспартных сродках.

А на гэты акт, які можна шчыра лічыць актам правасуддзя, які падцвярджаецца Канстытуцыяй і выкліканы неабходнасцю ваеннага становішча, я заклікаю разважлівае меркаванне чалавецтва і літасць Усемагутнага Бога.

Падцвярджаю гэты дакумент уласным подпісам і дзяржаўнай пячаццю Злучаных Штатаў.

Складзена ў горадзе Вашынгтоне, у першы дзень студзеня у годзе ад нараджэння нашага Госпада адна тысяча васемсот шесцьдзесят трэцім, а ад абвяшчэння Незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі восемдзесят семым.

Прэзідэнт: АЎРААМ ЛІНКАЛЬН

УІЛЛ’ЯМ Х С’ЮАРД, дзяржаўны сакратар[3]

Зноскі

  1. А. Берастоўскі[ Дзве грамадзянскія вайны амерыканцаў]// сайт “Гістарычная праўда
  2. Андрэй Берастоўскі. Да гісторыі рабства ў ЗША Архівавана 13 сакавіка 2016.// “Гістарычная праўда”
  3. Беларускі пераклад Пракламацыі ўзят з матэрыялаў сайта Historiapure

Іншыя дакументы па гісторыі ЗША

Пераклады дакументаў па гісторыі ЗША на беларускую мову.
Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Грамадзянская вайна ў ЗША
Катэгорыя·Рабства