Плаў — возера ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Лужаснянка каля вёскі Канашы.
Плошча паверхні возера 1,12 км², даўжыня 2,73 км, найбольшая шырыня 0,68 км. Найбольшая глыбіня дасягае 8,8 м. Плошча вадазбору 10,2 км². Аб’ём вады ў возеры 5,85 млн. м³.
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны маюць вышыню 2—7, у асобных месцах да 10 метраў. Берагавая лінія ўмерана звілістая. Берагі возера пераважна зліваюцца са схіламі катлавіны. Глыбіні да 2 метраў займаюць каля 18 % плошчы возера. Дно да глыбіні 2,5 м пясчанае, да 4,5 м апясчаненыя адклады, глыбей дно глеістае.
Возера Плаў эўтрофнае, слабапраточнае. Упадаюць 4 ручаі і выцякае ручай у возера Арлейка. Шырыня паласы надводнай прыбярэжнай расліннасці складае 8—20 метраў (на паўднёвым усходзе да 40 метраў). Да глыбіні 2,2 м растуць рдзесты, рагаліснік, шышняк.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, плотка, акунь і іншыя віды рыб.