wd wp Пошук:

Партрэт Юрыя Радзівіла

Партрэт Юрыя Радзівіла, вялікалітоўскага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча, выкананы невядомым мастаком, верагодна, на мяжы XVI і XVII стагоддзяў. З’яўляецца прыкладам параднага рыцарскага (сармацкага) партрэта.

Гісторыя

Партрэт тыпу «Homo militans» створаны праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля смерці Юрыя Радзівіла[1].

Паходзіць з калекцыі Радзівілаў у Нясвіжы. Рэстаўраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі ў 1969-75 гадах. Захоўваецца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Апісанне

Прастора залы патанае ў цемры. Асветлены толькі пярэдні план, дзе мадэль паўстае ў поўны рост. Паказаны таксама нешматлікія дэталі: стол, накрыты дарагім абрусам, на ім рыцарскі шлем, булава і жазло, цераз правае плячо перавешаны масіўны залаты ланцуг. Кожны прадмет заключае ў сабе важны сэнс, дастаткова зразумелы для тагачаснага гледача. Так, булава ўказвае на пасаду Юрыя Радзівіла, вялікага гетмана Вялікага Княства Літоўскага, а жазло(руск.) бел. сведчыць аб тым, што ён з’яўляецца і маршалкам надворным. Дапаўняе такую ў нечым пазамастацкую інфармацыю аб мадэлі надпіс, з якога можна даведацца аб тым, хто тут паказаны.

Не менш за аксесуары аб Юрыю Радзівілу апавядаюць упэўненасць, нават рашучасць паставы, халодны, калючы позірк вачэй, які добра спалучаецца са стрыманым, цёмным каларытам работы. Вялікімі плямамі святла мастак выхоплівае з цемры твар, які не кранаюць пачуцці. Перад гледачом нібыта паўстае маска, за якой хаваецца сапраўднае аблічча асобы.

Даспех

Юрый Радзівіл выяўлены ў так званым поўным максімілянаўскім даспеху(руск.) бел., пашыраным у Еўропе ў XVI стагоддзі (для яго характэрна нанясенне на паверхні рэльефных жалабкоў і грабеньчыкаў). Даспех на карціне выкананы з бліскучага чорнага металу з аздобленымі арнаментаванымі залачонымі паскамі, наплечнікамі, налакотнікамі і накаленнікамі[1]. Краі набедраніка і латных рукавіц з пальцамі таксама ўпрыгожаны залачонай, арнаментаванай паскай. Пазалочаная паласа пасярэдзіне грудзіны як бы ўтварае засцежку кірасы з выцягнутай цэнтральнай часткай у своеасаблівае завостранне — «тапуль» (ад італ.: tappo — бугор), якое спрыяла рыкашэтаванню(руск.) бел. ўдараў зброі праціўніка[1].

Асабліва вылучаецца шлем-армэ з залачоным адкрытым забралам і пратраўленым на чорным метале залатым узорам, які ляжыць на стале[1]. Тут бачны мудрагелісты раслінны малюнак, які ідзе па версе, лічыне, грэбеню, апаясвае гарлавое пакрыццё. Да прылбіцы прымацаваны пышны султан са страусавых пер’яў[1].

Падобным чынам вырашаны і латныя рукавіцы, дзе аздоба канцэнтруецца на высокіх абшлагах.

Верагодна, што гэты даспех быў выраблены для Юрыя Радзівіла яго славутым аўгсбургскім даспешнікам(англ.) бел. Кольманам Гельмшмітам каля 1530 года. Ён прадугледжваў максімальна поўную ахову ўсяго цела і прызначаўся для пешага паядынку[1].

Зброя

На партрэце паказана і халодная зброя. Юрый Радзівіл трымае аднаручны меч, блізкі па вырашэнні да венецыянскага тыпу(руск.) бел.. Узбраенне такога роду ў XVI стагоддзі ўжо страчвала актуальнасць і служыла пераважна ў прадстаўнічых мэтах, што і адлюстравана ў партрэце. Дзяржанне, упрыгожанае пазалотай і чаканкай, не парушае агульнага суровага характару зброі. Звяртае на сябе ўвагу і гетманская булава(укр.) бел., якая ляжыць на стале. Такі яе варыянт з шарападобным навершам і кароткім дзяржаннем быў таксама характэрны для XVI стагоддзя і з’яўляўся адзнакай высокай вайсковай улады. Макаўка шара, як і месца яго злучэння з дзяржаннем упрыгожаны арнаментаванымі пазалочанымі стужкамі.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сармацкі партрэт
Катэгорыя·Партрэтная галерэя Радзівілаў
Катэгорыя·Карціны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Карціны са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь