Панямо́нцы[1] (трансліт.: Paniamoncy, руск.: Понемонцы) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Беліцкага сельсавета.
Вёска размяшчаецца на высокім правым беразе Нёмана, на ўсход ад яе ў Нёман упадае Смолач.
За 0,5 км ад вёскі, на правым беразе Нёмана ёсць селішча XI—XIII ст. і, напэўна, пазнейшага часу. Знойдзена кругавая кераміка, у тым ліку арнаментаваная жалабатымі і зігзагападобнымі лініямі. Выяўлены абломкі чорнага томленага посуду і паліванага посуду. На селішчы часта сустракаюцца крамянёвыя вырабы.
У XVII ст. Смолач разам з Бабрамі і Пішчоўцамі (30 дымоў) уваходзіла ў склад «нойбургскіх маёнткаў» Радзівілаў, якія трымаў у заставе Ян Дубраўскі, падстолі вендэнскі. Вядома, што ў сваіх «нойбургскіх маёнтках» Радзвілы-пратэстанты падтрымлівалі праваслаўе.
З 1921 вёска ў складзе Польшчы. З 1940 — у БССР.
Да 2016 года вёска ўваходзіла у склад Пескаўскага сельсавета[2].
Да 2002 года дзейнічала Панямонская базавая школа. Потым будынак школы перададзены на баланс АТ «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых»[3].