wd wp Пошук:

Нясілавічы

Нясі́лавічы[1] (трансліт.: Niasilavičy, руск.: Несиловичи) — вёска ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Жукоўшчынскага сельсавета.

Гісторыя

У ваколіцах вёскі вядомы стаянкі каменнага і бронзавага вякоў. Адна з іх размяшчаецца на паўночнай ускраіне вёскі, на высокай дзюне каля левага берага ракі Моўчадзь, у месцы яе выхаду на левабярэжны поплаў Нёмана (паўночная частка помніка знішчана кар’ерам). Другая стаянка належыць да канца мезаліту і бронзавага веку (датуецца VI—I тысячагоддзямі да н.э.), знаходзіцца за 1,5 км на захад ад вёскі, па паўднёва-заходнім краі дзюны левабярэжнага поплаву Нёмана. Далей, за 200 м на поўдзень, на мысе тэрасы, над зарослай даўняй старыцай Нёмана выяўлена стаянка да эпохі неаліту (датуецца IV тысячагоддзем да н.э.). У наваколлі Нясілавічаў вядома яшчэ да 10 стаянак. Выяўлены рэшткі агнішчаў, крамянёвыя прылады працы, фрагменты керамікі.

Вопіс парафій Лідскага дэканата 1784 года згадвае вёску Нясілаўцы ў складзе Беліцкай парафіі, як уласнасць ваяводы віленскага Караля Радзівіла. Тут існавалі карчма, млын і тартак на рацэ Моўчадзі. Цераз вёску ішоў Слонімскі тракт, які вёў на поўнач да Нёмана, дзе працаваў канатны паром. На поўдзень дарога ішла цераз дрэнную грэблю, праз спачатку дубовы, а потым сасновы лес да вёскі Гезгалы[2].

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў Расійскай імперыі. У 1915 годзе акупавана Германіяй, з 1921 года ў складзе Польшчы, з 1939 года — у БССР. З канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад нямецка-фашысцкай акупацыяй.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. pawet.net

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Населеныя пункты паводле алфавіта
Артыкулы пра населеныя пункты Беларусі, створаныя аўтаматычна
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Населеныя пункты Дзятлаўскага раёна
Жукоўшчынскі сельсавет (Дзятлаўскі раён)
Артыкулы пра населеныя пункты без катэгорыі на Вікісховішчы