Нацыянальны ваенны мемарыял (англ.: National War Memorial), таксама вядомы як The Response (пачуццё ў адказ[1]) — манумент на плошчы Канфедэрацыі у Атаве, сталіцы Канады[2]. Урачыста адкрыты 21 мая 1939 года каралём Георгам VI. Першапачаткова мемарыял быў прысвечаны ўдзельнікам і ахвярам Першай сусветнай вайны. З 1982 года манумент стаў таксама помнікам канадцам, якія загінулі за сваю радзіму ў часы Другой сусветнай і Карэйскай вайны[3]. З 2000 года перад мемарыялам была збудавана Магіла невядомага салдата(англ.) бел..
У 1925 годзе быў дадзены старт буйнамаштабнаму міжнароднаму конкурсу, мэтай якога было выбраць лепшы праект для ваеннага манумента ў цэнтры Атавы (сталіцы тады яшчэ брытанскага дамініёна).[4] Мемарыял павінен быў адказваць некаторым ідэйным патрабаванням. Кампазіцыя манумента павінна была быць поўная духам гераічнасці і самаахвяравання і выклікаць патрыятычныя пачуцці ў канадцаў.[5] У конкурсе маглі ўдзельнічаць усе падданыя Брытанскай імперыі, асобы, якія часова знаходзіліся на тэрыторыі імперыі, а таксама падданыя саюзнікаў Брытаніі па Першай сусветнай вайне.[6]
Усяго за час існавання акцыі было разгледжана 127 праектаў: 66 з самой Канады, 24 з Англіі, 21 з саюзнай Францыі, 7 з ЗША, 5 з Бельгіі, 2 з Італіі, па адным з Шатландыі і Трынідада. У своеасаблівы фінал конкурсу выйшлі 7 найлепшых з пункту гледжання камісіі прац, якія былі прадстаўлены да галасавання.[7]