wd wp Пошук:

Наталля Гаўрыліца

.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw{display:inline-block}.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a::first-letter,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw::first-letter{text-transform:capitalize}

Наталля Гаўрыліца (рум.: Natalia Gavrilița; нар. 21 верасня 1977, с. Малаешты, Малдаўская ССР) — малдаўскі палітык. Прэм’ер-міністр Малдовы з 2021 года.

Біяграфія

Нарадзілася ў сяле Малаешты ў Прыднястоўі.

У 2000 годзе скончыла юрыдычны факультэт Малдаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 2005 годзе атрымала ступень магістра дзяржаўнай палітыкі ў Школе дзяржаўнага кіравання ім. Джона Ф. Кенэдзі пры Гарвардскім універсітэце (Кембрыдж, ЗША).

У 2000—2003 гадах працавала асістэнтам па палітычных пытаннях у Бюро эканамічных і палітычных спраў пры пасольстве ЗША ў Малдове. У 2005 годзе — дарадца ў офісе віцэ-старшыні па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банка ў Вашынгтоне. У 2005—2006 гадах была стажорам, затым кансультантам у галоўным упраўленні эканамічных і фінансавых спраў Еўракамісіі ў Бруселі.

У 2008—2009 гадах займала пасаду кіраўніка ўпраўлення праграм і каардынавання дапамогі пры ўрадзе Малдовы. У 2009—2013 гадах — старшы кансультант, затым партфельных менеджар па метадах аналізу Праграмы статыстыкі, доказаў і адказнасці ў міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Oxford Policy Management (Оксфард, Вялікабрытанія), якая займаецца пытаннямі развіцця краін з нізкім і сярэднім узроўнем даходу. З 2013 па 2014 гады з’яўлялася галоўным кансультантам ва ўпраўленні аналізу, маніторынгу і ацэнкі палітыкі Міністэрства асветы Рэспублікі Малдова (пасаду міністра асветы ў 2012—2015 гадах займала Мая Санду). У 2014—2015 гадах — дзяржаўны сакратар міністэрства асветы.

У 2015—2019 гадах працавала генеральным дырэктарам Глабальнага інавацыйнага фонду ў Лондане (Вялікабрытанія).

У 2017 годзе Наталля Гаўрыліца ўступіла ў праеўрапейскую Партыю дзеяння і салідарнасці (ПДС), лідарам якой да свайго абрання прэзідэнтам Малдовы ў лістападзе 2020 года была Мая Санду. Была абраная віцэ-старшынёй партыі. З 8 чэрвеня па 12 лістапада 2019 года — міністр фінансаў ва ўрадзе Маі Санду.

Пасля перамогі Маі Санду на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе 2020 года ў Малдове здарыўся палітычны крызіс. Пры падтрымцы праеўрапейскіх сіл у снежні 2020 года Прэзідэнт дамаглася адстаўкі ўрада Іана Кіку, якога падтрымлівала парламенцкая большасць. 27 студзеня 2021 года яна ўнесла ў парламент кандыдатуру Наталлі Гаўрыліцы на пасаду прэм’ер-міністра краіны. Аднак 11 лютага дэпутаты аднагалосна прагаласавалі супраць гэтага прызначэння. 28 красавіка 2021 года Мая Санду падпісала ўказ аб роспуску парламента. На датэрміновых выбарах 11 ліпеня 2021 года Партыя дзеяння і салідарнасці атрымала большасць, што дазволіла ёй самастойна сфармаваць урад.

6 жніўня 2021 года парламент Малдовы зацвердзіў праграму і склад урада Наталлі Гаўрыліцы.

Прыватныя звесткі

Валодае англійскай, іспанскай, рускай, румынскай і французскай мовамі. Замужам.

Зноскі

  1. https://www.podul.ro/articol/14708/video-octavian-icu-ctre-natalia-gavrili-v-ai-folosit-de-cetenia-roman-iar-acum-ai-venit-in-r-moldova-i-aprai-o-statalitate-care-e-nefireasc

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1977 годзе
Катэгорыя·Жанчыны-кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў
Катэгорыя·Міністры фінансаў Малдовы
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 верасня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Прэм’ер-міністры Малдовы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Малдове