wd wp Пошук:

Насельніцтва Малдовы

Малдова адносіцца да краін з невялікай колькасцю насельніцтва. У СНД яна апярэджвае толькі Арменію. Розніца ў амаль што паўмільёна чалавек паміж колькасцю насельніцтва паводле перапісу (2,998 млн) і паводле цякучага ўліку (3,45) тлумачыцца тым, што перапіс насельніцтва ўлічвае таксама членаў сямей, што часова знаходзяцца за мяжой. Перапіс і цякучы ўлік не закранаюць тэрыторыі самаабвешчанай Прыднястроўскай Рэспублікі, дзе пражывае каля паўмільёна чалавек.

Дынаміка

Полава-ўзроставая піраміда, 2017

Ужо трэцяе дзесяцігоддзе насельніцтва Малдовы, як і ў астатніх постсавеціх краінах Усходняй Еўропы, змяншаецца хуткімі тэмпамі. Перапіс 2014 налічыў жыхароў Малдовы на 11,3 % менш за папярэдні, 2004 года. У 1991 у Малдаўскай ССР жыло каля 4,36 млн чалавек, сёння, наяўнае насельніцтва Малдовы і Прыднястроўе складзенае разам не дацягвае і 3,5 млн. Асноўная прычына дэпапуляцыі — вялікі міграцыйны адток насельніцтва: у 2017 годзе натуральнае змяншэнне склала -1 чалавек на 1000, міграцыйнае — -9 чалавек на 1000.[1] З’язджаюць кваліфікаваныя кадры, у першую чаргу, моладзь: складаная эканамічная сітуацыя ў краіне не дазваляе яе жыхарам знайсці працу. Малдаўская Служба інфармацыі і бяспекі падлічыла, што 600 тысяч да аднаго мільёна малдаўскіх грамадзян (амаль 25% насельніцтва) працуюць за мяжой.[2]

Этнічны склад

Этнічная карта Малдовы, 1989

Этнахаронім “малдаване” гістарычна адносіўся да жыхароў Малдаўскага княства. Пасля таго, як княства аказалася падзеленым паміж Расіяй, Румыніяй і Аўстрыяй (Букавіна), менавіта жыхары расійскай Бесарабіі працягвалі называць сябе малдаванамі (сельскія ў большай ступені, чым адукаваныя гарадскія). Сёння малдаване складаюць 75,1 % насельніцтва краіны (перапіс 2014 на кантралюемай Кішынёвам тэрыторыі), 6,6 % — украінцы (у 2004 — 8,3 %). З 2,5 да 7 % з часу папярэдняга перапісу павялічылася колькасць асоб з румынскай самаідэнтыфікацыяй[3]. Доля рускіх склала 4,1 %, і ў параўнанні з 2004 яна зменшылася на 1,9 %. Такім чынам, славянскі субстрат паступова выцясняецца раманскім. На поўдні краіны ў аўтаномнай вобласці пражывае цюркамоўны народ гагаузы, іх у Малдове 4,6 %.

Мовы

Дзве траціны малдаван называюць сваю родную мову малдаўскай, трэцяя частка — румынскай. Руская з’яўляецца роднай для 9,5%, гагаузская - 4,2%.

Рэлігійны склад

Малдова — традыцыйна праваслаўная краіна: 96,8% насельніцтва назвалі сябе праваслаўнымі, яшчэ каля 2 % адносяцца да пратэстанцкіх дэнамінацый.

Размяшчэнне і рассяленне

Агні начнога Кішынёва

Малдова, нягледзячы на дэпапуляцыю, застаецца адной з найбольш густанаселеных дзяржаў былога СССР, у першую чаргу, дзякуючы высокай шчыльнасці сельскага насельніцтва, раўнамерна размеркаванага па тэрыторыі краіны. Больш за палову насельніцтва краіны дагэтуль складаюць сельскія жыхары - 2034,1 тыс. чалавек, або 57,3%, у гарадскіх паселішчах пражываюць 1516, 8 тыс. чалавек цi 42,7%.[4]. Буйнейшы горад — сталічны Кішынёў (каля 650 тыс.), за ім ідуць Ціраспаль* (148 тыс), Бэлць (або Бельцы, 144 тыс.), Бендэры* (93 тыс), Рыбніца* (50 тыс). Пазначаныя зорачкай гарады знаходзяцца ў непрызнаным Прыднястроўі, якое можна разглядаць як адносна высокаўрбанізаванае. У Малдове ж толькі ў двух агламерацыях насельніцтва перавышае 50 тыс. чал.

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/md.html Архівавана 5 верасня 2015.
  2. https://web.archive.org/web/20110514225142/http://www.outreachworld.org/Files/u_texas/Decision-Activity_Russia.pdf
  3. https://realist.online/news/moldova-spustya-3-goda-obnarodovala-itogi-perepisi-naseleniya-rumyn-7
  4. http://www.statistica.md/newsview.php?l=ru&idc=168&id=5523
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Насельніцтва Малдовы