wd wp Пошук:

Насельніцтва Канады

Насельніцтва Канады пераважна эмігранцкага паходжання. Перасяленцы з усяго свету згуртаваныя тут у стракатую мульцікультурную супольнасць. Пры гэтым Канада — класічная двухмоўная краіна (каля 40 % насельніцва — англаканадцы, 26 % — франкаканадцы) з дзвюма дзяржаўнымі мовамі на ўсіх узроўнях. Найбуйнейшымі гарадамі з’яўляюцца Таронта, Манрэаль і Ванкувер. Для Канады характэрны адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў шчыльнасці насельнітва (3,9 чал/кв.км.). Большасць канадцаў жыве ўздоўж мяжы з ЗША.

Дэмаграфія

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Насельніцтва Канады на пачатак 2019 года складае 37,5 мільёнаў чалавек (38 месца ў свеце). Перапіс 2001 зарэгістраваў 30.007.094 канадцаў. Такім чынам, за 18 гадоў жыхароў краіны стала амаль на чвэрць больш. У другой палове 2010-х для Канады характэрныя невысокія, але стабільныя дадатныя тэмпы росту насельніцтва — каля 0,7 % штогод). Натуральны прырост блізкі да нуля (1,4 на 1000 у 2018)[1]. 70 % канадцаў жывуць у сем’ях. Сярэдні памер канадскай сям’і — 2,5 чалавекі. Нараджальнасць змяншаецца, і насельніцтва — як і паўсюль у развітым свеце — старэе. Сярэдняму канадцу ў 2018 было 42,5 гады. Да такой статыстыкі спрычынілася і вялікая працягласць жыцця, якая ў 2018 склала 82 гады.

Іміграцыя

У ХХІ стагоддзі прырост адбываецца, як і калісьці, у асноўным за кошт іміграцыі (5,7 чалавек на 1000 у 2018, адзін з найвышэйшых паказчыкаў у свеце).Такім чынам, доля мігрантаў у агульным прыросце складае больш за 75 %. Варта дадаць, што і канадскае грамадства, і канадскі ўрад падтрымліваюць іміграцыю, якая ў апошнія дзесяцігоддзі набыла выразныя азіяцкія вытокі. Перасяленцы аддаюць перавагу буйным гарадам, асабліва Ванкуверу і Таронта. Канада ахвотна дае прытулак і бежанцам — на краіну кляновых лісцяў прыходзіцца 10 % іх сусветнага прыёму.[2]

Этнічны склад

Калідор Квебек-Уінсар, найбольш густазаселены і высокаўрбанізавны раён Канады

Паводле перапісу 2016 года ў Канадзе жывуць 43 этнічныя групы, якія складаюцца як мінімум з 100 000 чал. Самая вялікая этнічная група называе сябе канадцамі (32,3%). Далей ідуць англічане (18,3), шатландцы (14), французы (13,6), ірландцы (13,4), немцы (9,6), італьянцы, кітайцы, украінцы, галандцы, палякі, індыйцы, беларусы (10505 чалавек)[3]. Да карэннага насельніцтва адносяцца індзейцы (каля 4 %) і эскімосы — прадстаўнікі мангалоіднай расы. За апошнія паўстагоддзі з 2 да 22 % (паводле перапісу 2016) вырасла доля так званых visible minorities. Так называюць жыхароў краіны, вонкава адрозных ад еўрапейскіх мігрантаў і карэннага насельніцтва. Сярод visible minorities найбольшую ўдзельную вагу маюць кітайцы, паўднёваазіяты (па 5 %) і афраканадцы (3,5 %). Многія жыхары Канады не могуць вызначыцца з этнічнай прыналежнасцю і называюць адразу некалькі групаў, што робіць суму нацый нашмат большую за 100 %.

Мовы

Мовы Канады (1 — англійская, 3 — французская, 2 — двухмоўны пояс)

У Канадзе выкарыстоўваецца мноства моваў, але галоўных дзве: англійская, родная для 56 % канадцаў і французская, матчыная для 21 %.[4] Гэтыя мовы з’яўляюцца ў Канадзе афіцыйнымі, на іх вядуцца ўсе дзяржаўныя і прыватныя справы. Тым не менш, кожная правінцыя мае адну “афіцыйную” мову (8 — англійскую, 1 (Квебек) — французскую). Адзінай афіцыйна двухмоўнай правінцыяй з’яўляецца Нью-Брансуік. Больш за 20 % жыхароў Канады назвалі роднай нейкую іншую мову, найбуйнейшыя сярод якіх — кітайская (1,23 млн носьбітаў), пенджабская, іспанская, тагальская, арабская (кожная 0,4-0,5 млн). Нацыяльным меншасцям гарантаваныя школы на родных мовах ва ўсіх правінцыях і на ўсіх тэрыторыях.

Рэлігіі

Са стракатага этнічнага складу вынікае выключная рэлігійная разнастайнасць Канады, дэмакратычны лад гарантуе свабоднае веравызнанне і павагу да правоў усіх вернікаў. Царква ў сучаснай Канадзе аддзелена ад дзяржавы і мае ўсё меншую ролю ў паўсядзённым жыцці людзей. Пры гэтым большасць канадцаў верыць у Бога. Згодна з апытаннем 2011, 68 % жыхароў Канады — хрысціяне, з іх большая палова — каталікі, яшчэ дзве пятых — пратэстанты (найбуйнейшая пратэстанцкая дэнамінацыя — Аб’яднаная царква Канады, следам ідуць англікане і баптысты). Колькасць атэістаў і агностыкаў у 2001 - 2011 павялічылася з 16 да 22 %. Разам з іміграцыяй расце кольскасць мусульман, індуістаў, сікхаў (3,2 %, 1,5 %, 1,4 % у 2011 адпаведна).[5]

Размяшчэнне насельніцтва

Размеркаванне насельніцтва па правінцыях і тэрыторыях (ліпень 2013)

Канада вылучаецца вельмі нізкай шчыльнасцю насельніцтва (каля 4 чал на кв. км.) і даволі нераўнамерным яго размяшчэннем. Нягледзячы на вялікую плошчу, прыблізна ¾ насельніцтва Канады пражывае ў межах 160 км ад мяжы з ЗША, а 95 % — на поўдзень ад 55° пн.ш. [6]. Найбольш населеныя правінцыі — Антарыа і Квебек. Ва ўсіх тэрыторыях узятых разам налічваецца 120 тысяч чалавек. Палова канадцаў жыве ў калідоры Квебек-Уінсар ўздоўж Вялікіх азёр і ракі Святога Лаўрэнція. Вялізныя абшары поўначы Канады маюць рэдкае тубыльскае (эскімосы) насельніцтва, дзе-нідзе сустракаюцца пасёлкі гарнякоў, метэастанцыі.

Гарады

Панарама Манрэаля, Канада

Канада адносіцца да высокаўрбанізаваных краін свету. Гарадское насельніцтва, якое складае 81 %, сканцэнтравана ў калідоры Квебек-Уінсар (у прыватнасці гарадскія агламерацыі Таронта-Гамільтан, Манрэаль і Атава-Гатына), на кантынентальных раўнінах Брытанскай Калумбіі (ад ваколіц Ванкувера да канца даліны ракі Фрэйзер) і ў калідоры Калгары-Эдмантан ў Альберце[7]. каля 40 % гаражан жывуць у трох найбуйнейшых агламерацыях: Таронта (ў агламерацыі жыве 5,9 млн), Манрэалі (4,1), Ванкуверы (2,5). Усяго мільённых агламерацый 6: ад 1,3 да 1,5 млн. жыхароў перапіс 2016 адзначыў таксама ў Калгары, Атава-Гатына, Эдмантане.

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ca.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  2. https://books.google.by/books?id=K0YwAJ7MpswC&pg=PA92&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false
  3. Ethnic origins, 2006 counts, for Canada, provinces and territories — 20 % sample data Архівавана 11 снежня 2020.
  4. https://www12.statcan.gc.ca/census-recensement/2016/dp-pd/prof/details/page.cfm?Lang=E&Geo1=PR&Code1=01&Geo2=PR&Code2=01&Data=Count&SearchText=canada&SearchType=Begins&SearchPR=01&B1=All&TABID=1
  5. http://www.pewforum.org/2013/06/27/canadas-changing-religious-landscape/
  6. Custred, Glynn (2008). “Security Threats on America’s Borders”. in Alexander Moens. Immigration policy and the terrorist threat in Canada and the United States. Fraser Institute. p. 96. ISBN 0889752354. https://archive.org/details/immigrationpolic0000unse/page/96.
  7. Urban-rural population as a proportion of total population, Canada, provinces, territories and health regions(нявызн.). Statistics Canada (2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 23 красавіка 2009.
Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Насельніцтва Канады
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы