У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Алізар. Нарцыз Алізар (1794, Загораў на Валыні — 1862, Сады пад Познанню) — палітычны дзеяч, мемуарыст, публіцыст, мастак-пейзажыст.
Паходзіў са шляхецкага роду Алізараў. Нарадзіўся ў сям’і Піліпа-Нерэуша (1750—1816), падчашага вялікага літоўскага, і Людвікі са Шчыт-Неміровічаў. Малодшы брат Густаў-Генрык-Атаназы Алізар — сябра Патрыятычнага таварыства, які меў сувязі з дзекабрыстамі, сябраваў з А. С. Пушкіным, пісаў вершы.
Вучыўся ў Крамянецкай гімназіі і Віленскім універсітэце. Студэнтам пачаў пісаць вершы і з 1819 друкавацца ў «Віленскім тыднёвіку». Пад час вайны 1812 г. — афіцэр напалеонаўскай арміі. Пад час паўстання 1830—1831 г. быў старшынёй грамадзянска-вайсковай рады Валынскай губерні, сенатарам-кашталянам Каралеўства Польскага. Пасля паражэння паўстання арыштаваны, але збег з Жытомірскай турмы і выехаў у Францыю. У эміграцыі — дзеяч арыстакратычнага асяроддзя Вялікай Эміграцыі. Быў першым старшынёй «Таварыства трэцяга мая» (1843 г.), якое вяло барацьбу за адраджэнне Польшчы і яе развіццё на аснове канстытуцыі 1791 г. Публіцыст, сябра Віленскага тапаграфічнага таварыства, Таварыства капіталаў падтрымкі «Dziennika Wilenskiego».
Памёр 9 жніўня 1862 года ў Садах. Пахаваны ў Люсове.
Жонка: Герждрофува. Дзеці: Марыя (9 мая 1828 — 20 верасня 1886), у замужжы Крамер.