wd wp Пошук:

Найшырэйшая цягліца спіны

Тапаграфія левай найшырэйшай цягліцы спіны.

Найшырэ́йшая цяглі́ца спі́ны[1] (лац.: m. latissimus dorsi), або Найшырэ́йшая мы́шца спі́ны[2] — парная плоская цягліца, якая залягае паверхнева ў ніжнім аддзеле спіны, але яе верхнія пучкі ў пачатковай частцы прыкрытыя трапецападобнай цягліцай.

Тапаграфія і асаблівасці

Пачынаецца сухажыльным расцяжэннем ад васцяватых адросткаў пяці-шасці ніжніх грудных пазванкоў, усіх паясніцавых і крыжавых пазванкоў, ад пасярэдняга крыжавага грэбеня, задняга аддзела вонкавай губы падуздышнага грэбеня, паверхневага лістка паясніцава-грудной фасцыі і ад чатырох ніжніх рэбраў. Вонкі ад сухажыльных пучкоў цягліцы, між імі і заднім краем вонкавай косай цягліцы жывата, лац.: m. obliquus externus abdominis, і ўнізе — падуздышнага грэбеня, утвараецца паясніцавы трохвугольнік, лац.: trigonum lumbale; дном (пярэдняй сценкай) з’яўляецца унутраная косая цягліца жывата, лац.: m. obliquus internus abdominis. Вышэй за гэты трохвугольнік размяшчаецца невялікі ромбападобны ўчастак, прыкрыты ззаду найшырэйшай цягліцай спіны і абмежаваны зверху XII рабром і ніжнім краем ніжняй задняй зубчастай цягліцы, лац.: m. serratus posterior inferior, медыяльна — цягліцай, выпростваючай пазваночнік, лац.: m. erector spinae, латаральна — верхнім краем унутранай косай цягліцы жывата; дно яго (пярэднюю сценку) складае апанеўроз папярочнай цягліцы жывата, лац.: m. transversus abdominis.

Верхнія пучкі найшырэйшай цягліцы спіны накіроўваюцца латаральна, ніжнія — коса ўверх і латаральна і прыкрываюць заднюю паверхню ніжніх рэбраў. Тут цягліца атрымлівае дадатковыя пучкі ў выглядзе трох-чатырох зубцоў, а яшчэ прыкрывае ніжні вугал лапаткі і ніжні край вялікай круглай цягліцы, лац.: m. teres major (часам атрымлівае дадатковы пучок). Далей цягліца, утвараючы заднюю сценку падпахавай ямкі, падыходзіць да плечавой косці і скончваецца на грэбені малога бугарка плечавой косці. Тут маецца падсухажыльная сумка найшырэйшай цягліцы спіны, лац.: bursa subtendinea musculi latissimi dorsi.

Функцыя

Цягліца прыводзіць плячо да тулава і цягне верхнюю канечнасць назад да пасярэдняй лініі, ажыццяўляючы яе пранацыю. Пры зафіксаванай верхняй канечнасці набліжае да яе тулава або прымае удзел у перасоўванні ніжніх рэбраў уверх пры дыхальным руху, з’яўляючыся, гэткім чынам, дапаможнай дыхальнай цягліцай.

Кровазабеспячэнне

Цягліца забяспечваецца крывёю з груднаспіннай артэрыі, задняй агібальнай артэрыі плечавой косці, задніх міжрабровых артэрый (лац.: aa. thoracodorsalis, circumflexa humeri posterior, intercostales posteriores).

Інервацыя

Цягліца інервуецца груднаспінным нервам (лац.: n. thoracodorsalis) праз наступныя спіннамазгавыя сегменты: (CVI–CVIII).

Гл. таксама

Зноскі

  1. Ярашэвіч С. П., Байцоў Л. М., Кавалёва Д. В., Лабко П. І. Анатамічны слоўнік: руска-беларуска-лацінскі, беларуска-лацінскі, лацінска-беларускі = Анатомический словарь: русско-белорусско-латинский, белорусско-латинский, латинско-белорусский. — Мінск: Выдавецтва «Дизайн ПРО», 1998. — 480 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-6182-63-8.
  2. Машчанка М. В., Барысаў А. Л. Біялогія: вучэбны дапаможнік для 9-га класа устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання. — 3-е выданне. — Мінск: «Народная асвета», 2011.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Цягліцы спіны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле