Міха́лкаўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2009 г. вёска[1]) Рудня.
Утвораны 20 жніўня 1924 года ў складзе Мазырскага раёна Мазырскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Міхалкі. З 5 кастрычніка 1926 года ў складзе Слабадскога раёна, з 4 жніўня 1927 года — у складзе Нараўлянскага раёна той жа акругі. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Нараўлянскім раёне БССР, з 21 чэрвеня 1935 года — Мазырскай акругі. 23 жніўня 1937 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Кустаўніцкага нацыянальнага польскага сельсавета[2]. З 20 лютага 1938 года ў складзе Палескай вобласці. З 3 ліпеня 1939 года ў складзе Мазырскага раёна, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай вобласці. 4 чэрвеня 1985 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Рудня[3].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1271 чалавек[4], з іх 91,7 % — беларусы, 5,0 % — рускія, 2,0 % — украінцы[5].