wd wp Пошук:

Мінская духоўная семінарыя

Мінская духоўная семінарыя імя ўсяленскіх вучыцеляў і свяціцеляў Васілія Вялікага, Грыгорыя Багаслова і Іаана Залатавуста[1] — вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова Беларускай Праваслаўнай Царквы. Знаходзіцца па адрасе: 231822 Гродзенская вобл., Слонімскі р-н, пас. Жыровічы, вул. Савецкая, 59.

Гісторыя

Заснаванне. Слуцкі перыяд

Заснавана 15 верасня 1785 года ў Слуцку. У пачатку 1785 года паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай заключана пагадненне аб аднаўленні ў межах Рэчы Паспалітай праваслаўнай епіскапскай кафедры. Кіеўскі мітрапаліт Самуіл і Магілёўскі архіепіскап Георгій (Каніскі) прапанавалі ў якасці годнага кандыдата на гэтую кафедру архімандрыта Слуцкага Траецкага манастыра Віктара (Садкоўскага). Св. Георгій (Каніскі) добра ведаў Віктара з часоў навучання таго ў Кіеўскай акадэміі, калі сам Георгій узначальваў акадэмію (1752-1755). У бытнасць Георгія Магілёўскім архіерэем Віктар выконваў абавязкі асабістага сакратара, выкладчыка Магілёўскай семінарыі, ігумена Тупічэўскага манастыра[2].

27 сакавіка 1785 года рушыў найвышэйшы ўказ аб быцці ў Польшчы асобнага епіскапа, каадзьютара Кіеўскай мітраполіі, і аб пасвячэнні ў гэты сан архімандрыта Слуцкага манастыра Віктара. Указам 15 мая прадпісана Свяцейшаму Сіноду заснаваць для асветы праваслаўных у Рэчы Паспалітай семінарыю.

Пры садзейнічанні мітрапаліта Самуіла з Кіеўскай акадэміі былі дасланыя ў Слуцк настаўнікі. 15 верасня 1785 года семінарыя была адкрыта, і ў святліцы манастырскай трапезы пачалося навучанне. На пачатку існавалі толькі два граматычныя класы: ніжэйшы і вышэйшы. Навучаліся 25 выхаванцаў — дзеці духавенства. Па месцы свайго знаходжання ў Слуцку семінарыя стала называцца Слуцкай. Гэтую назву яна насіла да 1793 года — заснавання Мінскай епархіі — і ў адрозненне ад польскіх павятовых школ называлася «набожнай (рус. благочестівой) семінарыяй» і «семінарыяй яго Праасвяшчэнства»[3].

Падчас працы Чатырохгадовага сойма Рэч Паспалітая разарвала пратэктаратныя адносіны з Расіяй, якая тады ваявала на два франты (з Асманскай імперыяй і Швецыяй) і заключыла дагавор з Прусіяй, накіраваны супраць Расіі. На гэтай хвалі ўра-патрыятызму і антырасійскіх настрояў праваслаўныя зазналі жорсткія пераследы. Хаця яшчэ 18 мая 1787 года Віктар (Садкоўскі) падаў у Тульчыне клятву вернасці каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму і атрымаў каралеўскі прывілей на Слуцкую кафедру. У 1789 епіскап Віктар быў абвінавачаны ў спробе ўчыніць сялянскія беспарадкі на Валыні і Падоллі. Аналагічнае абвінавачанне вылучыў дэпутат Пінскі Мацей Бутрымовіч у дачыненні да ўсіх праваслаўных святароў на пасяджэнні сойма 16 красавіка 1789. 21 красавіка 1789 маршалак Казімір Нестар Сапега абвясціў, што ў яго ёсць некаторыя звесткі, нібыта Віктар (Садкоўскі) абавязаў святароў праваслаўных ды прысягі на вернасць імператрыцы Расіі, і заклікаў праваслаўных сялян для барацьбы з палякамі. Сойм тады выдаў пастанову аб арышце Віктара (Садкоўскага). Епіскап не прызнаў абвінавачванні, не пакінуў Слуцка, і праз восем дзён быў арыштаваны разам з ўсёй кансісторыяй і заключаны ў Нясвіжы. 6 мая ён выпусціў з турмы Пастырскі Ліст, у якім пад страхам праклёну забараняў праваслаўным паўставаць супраць Рэчы Паспалітай і загадваў захоўваць вернасць яе каралю[4]. У выніку гэтых падзей у ліпені 1790 года семінарыя, у якой навучалася каля ста выхаванцаў, спыніла сваё існаванне. Пасля вызвалення з-пад арышту ў ліпені 1792 года праасвяшчэнны Віктар яшчэ да ад’езду з Варшавы загадаў сваёй кансісторыі аднавіць семінарыю і сабраць яе вучняў. 8 студзеня 1793 года семінарыя была зноў адкрыта з ранейшым назвай: «Набожная Слуцкая, Праасвяшчэннага Віктара семінарыя». У адноўленых пяці класах навучаўся 31 чалавек[3].

Мінскі перыяд

У 1840 годзе пераведзена ў Мінск. У 1918 годзе зачынена паводле Дэкрэту савецкай улады аб аддзяленні царквы ад дзяржавы. Дзейнасць семінарыі адноўлена ў 1947 годзе праз пераўтварэнне пастырскіх курсаў пры Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры. У 1963 годзе Мінская духоўная семінарыя зноў зачынена паводле распараджэння свецкіх улад.

1 верасня 1989 года пачалося аднаўленне дзейнасці семінарыі. Цяпер семінарыя рыхтуе святароў для прыходаў Беларускай праваслаўнай царквы. Тэрмін навучання 5 гадоў. У семінарыі дзейнічае Сектар завочнага навучання і Рэгенцкая школа. У 2006/2007 навучальным годзе на стацыянарным і завочным аддзяленнях навучалася 378 студэнтаў.

Кіраўніцтва

Рэктары

Зноскі

  1. http://church.by/by/organizacii/minskaja-duhovnaja-seminarija
  2. И. В. Оржеховский, В. А. Теплова. ВИКТОР // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2004. — Т. VIII. — С. 437-439. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-014-5.
  3. 1 2 Высокопреосвященнейший Стефан (Корзун), архиепископ Пинский и Лунинецкий. История Минской духовной семинарии

http://libr.minda.by/2018/09/22/istorija-minskoj-duhovnoj-seminarii/ Архівавана 27 сакавіка 2019. 4. Mironowicz A.: Kościół prawosławny w Polsce. Białostockie Towarzystwo Historyczne, 2006, s. 442–446. ISBN 83-60456-02-X. 5. Архіепіскап Навагрудскі Гурый завяршыў свае працы на пасадзе рэктара Мінскай духоўнай семінарыі(руск.) . Афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы (17 ліпеня 2020). Праверана 24.07.2020.

Тэмы гэтай старонкі (9):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Мінская духоўная семінарыя
Навучальныя ўстановы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Жыровіцкі манастыр
Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Вікіпедыя:Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі