Мінскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча (МВВКВ) — былая вайсковая вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі.
Заснавана ў 1980 у Мінску на базе 11-х Цэнтральных курсаў удасканалення палітскладу (ЦКУПС).
8 снежня 1980 года ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР член Ваеннага савета — начальнік палітупраўлення Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі генерал-палкоўнік А. В. Дэбалю] уручыў вучылішчу баявы сцяг.
У ліпені 1984 года адбыўся першы выпуск афіцэраў-палітработнікаў. У 1985 годзе разам з чарговым выпускам савецкіх афіцэраў вучылішча ўпершыню выпусціла афіцэраў для армій дружалюбных краін, якія атрымалі дыпломы магістра педагагічных навук.
У канцы лістапада 1986 года на базе ВНУ былі праведзены зборы кіруючага складу ўсіх ваенна-палітычных вучылішчаў. Кіраўнікі ваенных ВНУ станоўча ацанілі якасць вучэбна-выхаваўчага працэсу і створаную за кароткі тэрмін існавання вучылішча навучальную і палявую базу.
26 красавіка 1990 года на базе Мінскага ВВПАВ прайшоў першы злёт выдатнікаў вучобы ваенна-палітычных вучылішчаў.
З 1980 па 1991 гады ў Мінскім ваенна-палітычным вучылішчы атрымалі адукацыю каля 900 чалавек з 21 замежных краін.
З 1992 г. — Мінскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча (МВВКВ).
З 1994 года ад’юнктура.
У 1995 г. на базе двух вышэйшых ваенных вучылішчаў — інжынернага (МВВІВ) і каманднага (МВВКВ) створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.[1]
За час свайго існавання ажыццявіла 11 выпускаў і падрыхтавала больш за 1900 афіцэраў. Больш за 150 чалавек з іх прайшлі афганскую вайну. Выпускнікі МВВПАВ удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ва ўзброеных канфліктах на тэрыторыях былых саюзных рэспублік, контртэрарыстычнай аперацыі на Паўночным Каўказе і міратворчых аперацыях.
Зараз на тэрыторыі былога ваеннага гарадка вучылішча месцяцца Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Навукова-даследчы інстытут Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і факультэт Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. На базе самога вучылішча быў створаны агульнавайсковы факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.[2]