Мікалай Гаму́лка (польск.: Mikołaj Gomółka; каля 1535, Радошкі пад Сандамірам, Рэч Паспалітая, цяпер Польшча — 30 красавіка 1609, Язловец, Рэч Паспалітая, цяпер Украіна) — польскі кампазітар.
Нарадзіўся ў сям’і мяшчан. 3 дзяцінства праявіў незвычайныя музычныя здольнасці. Адукацыю атрымаў у капэле караля Жыгімонта II Аўгуста. 3 1548 года займаўся ў каралеўскага флейтыста Яна Кляўса, практыкант, з 1558 года паўнапраўны ўдзельнік прыдворнай капэлы. Іграў на драўляных духавых, струнных інструментах, аргане. У 1550-я гг. разам з каралеўскім дваром наведаў Кракаў, Пётркаў, Гданьск, Каралявец і Вільню. Кантактаваў з Вацлавам з Шамотул, Ц. Базылікам, В. Бакфаркам, якія таксама працавалі пры двары.
У 1563 годзе пакінуў каралеўскую капэлу і пераехаў у Сандамір, дзе займаўся грамадскімі справамі. У 1580 годзе ў Кракаве паступіў на службу да біскупа П. Мышкоўскага, які падтрымліваў кампазітара ў яго творчай дзейнасці. У 1590—1592 гадах працаваў у канцлера Яна Замойскага.
У Кракаве кампазітар выдаў зборнік (150 псальмаў), якія сталі грандыёзным помнікам усходне-еўрапейскай культуры эпохі Адраджэння. Пераклады біблейскіх тэкстаў, да якіх напісаў музыку Гамулка, зрабіў Я. Каханоўскі. 4-галосныя псальмы кампазітара напісаны ў лепшых традыцыях рэнесансавага мастацтва і прызначаны для шырокіх колаў аматараў і знаўцаў музыкі. Іх вылучаюць даступнасць музычнай мовы, апора на папулярныя гімнічныя мелодыі, у т.л. змешчаныя ў канцыяналах. Свабодна валодаючы імітацыйнай тэхнікай, кампазітар аддаваў перавагу вертыкальна-гарманічнай харальнай фактуры, у якой выразна акрэслівалася партыя верхняга голасу, што набліжала яго творы да тагачаснай бытавой музыкі, асабліва кантаў. Некаторыя меладычныя звароты псальмаў Гамулка захаваліся ва ўзорах кантавага мастацтва, распаўсюджаных на славянскіх землях.