wd wp Пошук:

Мясцовы пузыр

Мясцовы пузыр (уключае Сонца і Мірцам — β Вялікага Пса) і Пузыра I (уключае Антарэс)
3D-выява Мясцовага пузыра (Белы) з прылеглым Мясцовым міжзорным воблакам (ружовы) і часткай Пузыра I (зялёны).

Мясцовы пузыр — вобласць разрэджанага гарачага газу няправільнай формы ў міжзорным асяроддзі ўнутры рукава Арыёна ў нашай Галактыцы. Ён цягнецца прынамсі на 300 св. гадоў і складаецца з нейтральнага вадароду са шчыльнасцю прыкладна 1/10 ад сярэдняй шчыльнасці міжзорнага асяроддзя, якое, у сваю чаргу, складае 0,5 атама ў кубічным сантыметры. Гарачы разрэджаны газ выпраменьвае ў рэнтгенаўскім дыяпазоне. Мясцовы пузыр утварыўся ў выніку выбуху некалькіх звышновых (па разліках[1] 3—6, і нават больш), якія выбухнулі ад 2 да 4 млн гадоў назад[2]. Рэшткай аднаго з кандыдатаў у такія звышновыя з’яўляецца Гемінга — пульсар у сузор’і Блізнят.

Сонечная сістэма праходзіць[3] скрозь вобласць Мясцовага пузыра апошнія 5 ці нават 10 млн гадоў. У наш час яна праходзіць скрозь Мясцовае міжзорнае воблака (ММВ) — невялікі больш шчыльны ўчастак унутры Мясцовага пузыра. Гэта міжзорнае воблака ўтварылася там, дзе злучаюцца Мясцовы пузыр і Пузыр I. Шчыльнасць газу ўнутры ММВ — 0,1 атамаў у кубічным сантыметры. Мясцовы пузыр мае прадаўгаватую форму. Ён прыўздымаецца над галактычным дыскам, і з-за таго, што ён удзельнічае ў галактычным вярчэнні, яго форма становіцца падобнай на пясочнага гадзінніка.

Да Мясцовага пузыра таксама прылягаюць іншыя пузыры[3], гэта значыць вобласці з паніжанай шчыльнасцю міжзорнага газу, злучаныя тунэлямі. Пузыр I утварыўся выбухамі звышновых і зорнымі ветрамі зорак, якія ўваходзяць у зорную асацыяцыю Скарпіёна-Цэнтаўра, і знаходзіцца ў 500 св. гадах ад Сонца. Таксама існуе яшчэ 2 пузыры: Пузыр II і Пузыр III.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Randall K. Smith, Donald P. Cox, 2001, The Astrophysical Journal, 134 283—309, 2001(недаступная спасылка) Multiple Supernova Remnant Models of the Local Bubble and the Soft X-Ray Background
  2. Jesus Maiz-Apellaniz, 2001, The Astrophysical Journal, 560:L83-L86, 2001 October 10(недаступная спасылка) The Origin of the Local Bubble
  3. 1 2 Local Chimney and Superbubbles, Solstation.com

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Млечны Шлях
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі