wd wp Пошук:

Музей беларускага народнага мастацтва

Музей беларускага народнага мастацтва — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, размешчаны ў Касцёле Святога Мацвея Апостала ў Раўбічах, Мінскі раён.

Ідэя стварэння музея ў разбураным Крыжагорскім касцёле належала намесніку дырэктара па навуцы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР І. М. Паньшынай і старэйшаму навуковаму супрацоўніку аддзела дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Т. І. Сцёпінай. Канцэпцыю рэстаўрацыі і размяшчэння экспазіцыі ў культавым будынку падтрымала дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Алена Васільеўна Аладава. Першапачаткова касцёл было вырашана знесці, бо страты будынка складалі звыш 80%. Знішчэнню Крыжагорскага касцёла перашкодзіла асабістае ўмяшанне кіраўніка БССР П. М. Машэрава[2].

Групу рэстаўратараў узначаліла архітэктар Л. У. Паўлава. Да асноўнага аб’ёму будынка з боку апсіды быў дабудаваны прамавугольны ў плане аб’ём (арх. В. М. Аладаў), дзе размясціліся дадатковыя выставачныя плошчы і бытавыя памяшканні[2].

Музей у рэканструяваным будынку адкрыўся ў 1979 г.

Экспазіцыя

Царскія вароты
Царскія вароты
Царскія вароты

Экспазіцыя музея знаёміць з традыцыйным народным мастацтвам беларусаў XVI – пачатку XX ст. і з творамі сучасных майстроў, якія працуюць у найбольш распаўсюджаных відах народнага мастацтва: ткацтве, ганчарстве, разьбе і роспісу па дрэве, пляценню з саломы і лазы[2].

У экспазіцыі прадстаўлены традыцыйныя касцюмы канца XIX – пачатку XX ст., ручнікі і дэкаратыўныя тканіны XX стагоддзя з розных рэгіёнаў Беларусі[2].

Побач з традыцыйным бытавым начыннем экспануюцца выдатны прыклад высокаразвітога мастацтва пляцення з саломы — царскія вароты канца XVIII — пачатку XX стагоддзя, у якіх выкарыстана некалькі элементаў пляцення, з якіх складаецца мудрагелісты ўзор з зубчыкаў і квадратаў розных памераў. Аправай служыць салома, якая імітуе золата, а кавалачкі каляровай тканіны, што змешчаны ў сярэдзіну кожнага квадрата, замянілі каштоўныя камяні[2].

Прадстаўлены творы сельскіх майстроў з вёсак Нягневічы, Забалацце, Мяжэвічы, якія стварылі разбяныя царскія вароты і скульптуры XVIII — пачатку XX стагоддзя. У іх захоўваюцца агульныя рысы, веданне пластычных уласцівасцей матэрыялу[2].

Сучаснае мастацтва разьбы па дрэве прадстаўлена работамі вядомых у рэспубліцы самадзейных разьбяроў – А. Ф. Пупко, В. В. Альшэўскага, К. К. Казялко, якія працягваюць слаўныя традыцыі беларускай разьбы[2].

Ганчарныя вырабы ў калекцыі музея адносяцца да XX стагоддзя. Чыгуны і макітры для прыгатавання ежы, міскі, збаны і гладышы для малака, глякі і слоікі для захоўвання прадуктаў, свістулькі і гліняныя цацкі ўпрыгожаны самымі простымі спосабамі: абваркай, томленасцю, роспісам па тэракотавай паверхні, пакрыццём палівай. Бытавое ганчарнае начынне амаль не мае роспісу[2].

Асаблівую групу помнікаў у экспазіцыі складаюць вырабы Івянецкай фабрыкі, вядучага цэнтра мастацкага ганчарства ў Беларусі. У музеі прадстаўлены работы аднаго са стваральнікаў арцелі – В. Ф. Кулікоўскага, а таксама І. М. Маўчановіча, М. М. Звярко, А. В. Пракаповіча, якія адраджаюць забытае мастацтва вырабу фігурных пасудзін у выглядзе бараноў, мядзведзяў, зуброў[2].

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 13 лютага 2018.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Раўбічы
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта
Катэгорыя·Музеі Мінскага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Мастацкія музеі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле