Мост кветак (рум.: Podul de Flori) — назва двух мерапрыемстваў, якія адбыліся на беразе ракі Прут на савецка-румынскай мяжы[1]. У ходзе мерапрыемстваў упершыню пасля Вялікай Айчыннай вайны пераход савецка-румынскай мяжы ажыццяўляўся без прад’яўлення дакументаў, якія б сведчылі асобу. Падчас правядзення акцый з абодвух берагоў ракі Прут на ваду былі пушчаны кветкі, што і дало назву гэтым падзеям.
Першая акцыя адбылася 6 мая 1990 года з 13:00 па 19:00 па мясцовым часе. Падчас першага «Моста кветак» жыхарам Румыніі дазволілі перасячы раку Прут у бок Малдаўскай ССР без прад’яўлення якіх-кольвек дакументаў[2]. Уздоўж мяжы працягласцю 700 км па Пруту былі абсталяваны 8 пунктаў пераходу праз мяжу: Мойкань — Перарыта, Стынка — Касцешты, Ясы — Унгень, Унгень — мост Унгень, Албіца — Леўшэнь, Фэлчыў — Ціганка, Аанча — Кахул, Галац — Джурджулешты[3].
У акцыі ўдзельнічала каля 1,2 млн чалавек [4]. Сведкі параўноўвалі гэтую падзею з падзеннем Берлінскай сцяны, якое дазволіла ўз’яднацца шмат якім сем’ям — раку Прут называлі «воднай Берлінскай сцяной»[5]. У раёне Унгеня каля 250 000 чалавек перайшлі мяжу[6].
Дэманстрацыю арганізавалі Культурны саюз за адзінства румын у свеце[7], Культурнае таварыства Бухарэст — Кішынёў і Народны фронт Малдовы. Ужо раніцай на румынскім беразе з’явіліся тысячы грамадзян, якія неслі кветкі і апускалі іх у ваду. Неўзабаве кінутыя ў ваду кветкі склалі сімвалічную сцежку. У поўдзень група святароў выканала царкоўны гімн Te Deum[8], пасля якога ўпершыню за доўгі час па абодвум берагам Прута загучалі званы. У рэку зноў былі кінуты кветкі, і грамадзяне пайшлі праз мост, сустракаючыся з роднымі і блізкімі. Да 6 гадзін вечара працягвалісь святкаванні, народныя гулянні, гульні.
Пасля гэтай падзеі працэдура перасячэння мяжы Малдаўскай ССР з Румыніяй была значна спрошчана[9].
Другая акцыя падобнага кшталту адбылася 16 чэрвеня 1991 года. У гэты раз грамадзяне Малдаўскай ССР змаглі перасекці мяжу Румыніі без прад’яўлення дакументаў. Згодна са справаздачай Rompres, больш за 150 000 жыхароў Бесарабіі перайшлі мяжу каля Скулені і прыбылі ў жудзец Ясы[10]. Сярод тых, хто перайшоў мяжу была дэлегацыя Парламента Малдовы на чале з мэрам Кішынёва Мікалаем Косціным[10]. У Галацы перад Царквой Успення Багародзіцы быў усталяваны крыж, які сімвалізуе адзінства Румыніі і Малдовы.