wd wp Пошук:

Металазнаўства

Металазна́ўства — навука пра састаў, будову і ўласцівасці металаў і сплаваў, пра іх залежнасць (заканамернасці змен) ад вонкавых уздзеянняў (цеплавых, механічных, хімічных і інш.). Асноўная практычная задача металазнаўства — пошук аптымальных саставаў і метадаў апрацоўкі сплаваў для атрымання патрэбных (зададзеных) уласцівасцей. Металазнаўства ўмоўна падзяляюць на тэарэтычнае, якое разглядае агульныя заканамернасці будовы і працэсаў, што адбываюцца ў металах і сплавах пры розных уздзеяннях, і прыкладное, якое вывучае тэхналагічныя працэсы апрацоўкі (тэрмічная апрацоўка, ліццё, апрацоўка металаў ціскам), а таксама канкрэтныя класы металічных матэрыялаў. Састаўной частка металазнаўства з’яўляецца металаграфія.

Гісторыя

Металазнаўства развіваецца з другой паловы XIX ст. Яго заснавальнікамі лічацца Дз. К. Чарноў і П. П. Аносаў. Развіццю металазнаўства спрыяла адкрыццё ў 1869 годзе перыядычнага закону Дз. Л. Мендзялеева, што дазваляе прадбачыць уласцівасці як чыстых металаў, так і сплаваў. Станаўленню металазнаўства спрыялі працы Ф. Асмонда[en] і А. Партэвена (Францыя), Г. Тамана (Германія), У. Робертс-Аўстэна[en] (Вялікабрыганія) Г. Хоу[en] (ЗША) і інш. Значны ўклад у развіццё металазнаўства зрабілі расійскія вучоныя Г. В. Курдзюмаў, А. А. Бочвар, А. А. Байкоў і інш.

Беларусь

На Беларусі работы ў галіне металазнаўства вядуцца ў Інстытуце фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фізіка-тэхналагічным інстытуце НАН Беларусі, БНТУ, інш. ВНУ і галіновых НДІ. Распрацоўваюцца пытанні павышэння якасці металапрадукцыі, удасканалення тэхналогіі яе апрацоўкі, укаранення новых спосабаў уздзеяння на структуру і ўласцівасці металаў і сплаваў, стварэння новых матэрыялаў і інш. Важкі ўклад у развіццё металазнаўства зрабілі працы беларускіх вучоных Г. А. Анісовіча, С. А. Астапчыка, С. І. Губкіна, К. В. Горава, Я. Р. Канавалава, В. П. Севярдэнкі, А. В. Сцепаненкі, В. М. Чачына і інш.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Металургія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Металазнаўства