wd wp Пошук:

Масавыя хваляванні ў Слуцку 12 кастрычніка 1967 года

Масавыя хваляванні ў Слуцку 12 кастрычніка 1967 г. — сутыкненні жыхароў Слуцку з войскамі МУС, падчас спробы няўдалага самасуду над крымінальнымі абвінавачанымі.

Падзеі

9 красавіка 1967 г. загадчык аддзелу культуры Слуцкага гарвыканкама Генадзь Гапановіч і яго сваяк Леанід Сыцько выганялі з пад’езда свайго дому п’янага рабочага Аляксандра Нікалаеўскага і нанеслі яму цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх ён памер[1]. Калі 10 кастрычніка 1967 г. у Слуцку пачаўся суд на Гапановічам і Сыцько ля будынку суда сабраўся натоўп, які патрабаваў смяротнага пакарання для камуніста-чыноўніка, які забіў простага рабочага. 11 кастрычніка натоўп пачаў патрабаваць выдаць ім забойцу Нікалаеўскага. 12 кастрычніка, калі Гапановіча выводзілі з будынку суда натоўп паспрабаваў адбіць яго ў міліцыі і расправіцца з ім. У выніку пачалася бойка з войскамі МУС, якія стаялі ў ачапленні. Паколькі вайскоўцы не былі належным чынам узброены і спрабавалі разагнаць натоўп газам «Чаромуха», то людзі, узброенныя палкамі і каменнямі паранілі, па некаторых звестках, каля 80 салдат[2]. Іншыя звесткі называюць больш сціплыя лічбы: 42 параненых[3]. Драўляны будынак суда закідалі бутэлькамі з бензінам і падпалілі. Загінуў адзін афіцэр міліцыі, які альбо сам няўдала выскачыў праз акно, ратуючыся ад полымя, альбо быў выкінуты ўдзельнікамі хваляванняў. Яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі памёр у шпіталі[3]. Згарэла суддзя Г. Аляксеева. Пажарныя машыны да пылаючага будынку натоўп не пусціў. Тым часам, Г. Гапановіча міліцыя здолела вывезці ў Мінск.

Расследванне

Расследаваннем трагедыі занялася спецыяльная камісія з прадстаўнікоў кіраўніцтва МУС, КДБ і кампартыі, як рэспубліканскага ўзроўню, так і ўзроўню СССР. Найбольш актыўных удзельнікаў хваляванняў асудзілі на розныя тэрміны турэмнага зняволення, двух — расстралялі. Пракурор Слуцку і начальнік гарадской міліцыі былі зняты са сваіх пасад[4].

Хваляванні ў Слуцку паказалі, з аднаго боку, сілу «эфекту натоўпу», якой не змагла супрацьстаяць нават дзяржава, якая адмаўляла сваім грамадзянам у праве на мірныя акцыі пратэсту. З другога боку яны былі вынікам дзяржаўнай палітыкі СССР, згодна з якой народу не давалі нават магчымасці атрымаць поўную інфармацыю аб рашэннях улады, і раз’юшаныя жыхары Слуцку атрымоўвалі яе ў пераказах і плётках, што толькі больш правакавала натоўп.

Г. Гапановіч атрымаў некалькі год зняволення і рэшту свайго жыцця пражыў у Баранавічах.

Зноскі

  1. Василий ГЕДРОЙЦ.. Судья сгорела заживо(руск.)  (недаступная спасылка). Белорусская нива (18 сентября 2010 года.). Архівавана з першакрыніцы 4 снежня 2012. Праверана 17 чэрвеня 2012.
  2. Афіцыйны сайт Слуцкага РАЎС Архівавана 4 жніўня 2011.
  3. 1 2 Марина Кунявская — Гриф «секретно» не снят //Советская Белоруссия 9.11.2010 Архівавана 9 чэрвеня 2012.
  4. Самосуд в Слуцке. Били кольями судью, прокурора, начальника милиции и чиновников городской власти. (нявызн.). (18 сентября 2010 года.).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Масавыя беспарадкі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Гісторыя Беларусі (1945—1990)
Катэгорыя·Кастрычнік 1967 года
Катэгорыя·Падзеі 12 кастрычніка
Катэгорыя·Гісторыя Слуцка