У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Яхода. Мары́ Яхо́да (ням.: Marie Jahoda; 26 студзеня 1907, Вена — 28 красавіка 2001, Сусекс) — аўстрыйскі і брытанскі сацыяльны псіхолаг яўрэйскага паходжання.
Вучылася ў венскай гімназіі для дзяўчынак. Пачынаючы з падлеткавага ўзросту, Марыя пачала ўдзельнічаць у Сацыял-дэмакратычнай партыі Аўстрыі. У 1928 годзе яна атрымала дыплом настаўніка ў Педагагічнай акадэміі Вены, у 1933 годзе атрымала ступень доктара філасофіі ў псіхалогіі ў Венскім універсітэце. У Вене пазнаёмілася з настаўнікам і будучым амерыканскім сацыёлагам Полам Лазарсфельдам, за якога выйшла замуж у 1926 годзе. 17 ліпеня 1930 года ў іх нарадзілася дачка Лота. У 1928 годзе Яхода некаторы час знаходзілася ў Парыжы, слухала лекцыі ў Сарбоне.
Разам з мужам Мары выканала шэраг навуковых даследаванняў, некаторыя з якіх апублікавала. У 1933 годзе, атрымаўшы ад Фонду Ракфелера стыпендыю, Лазарсфельд з’ехаў у ЗША, дзе застаўся жыць, бо не мог вярнуцца ў Аўстрыю пасля нацысцкага перавароту 1934 года. У гэтым жа годзе яны развяліся. З 1933 па 1936 год Яхода працавала ў Венскім універсітэце. Адначасова ўдзельнічала ў рэвалюцыйным сацыялістычным падполлі і ў 1936 годзе была арыштаваная за гэтую дзейнасць. З-за міжнароднага ўмяшання яна была вызвалена, у ліпені 1937 года пазбаўленая аўстрыйскага грамадзянства і з’ехала з краіны.
Мары спынілася ў Англіі, пражывала там падчас Другой сусветнай вайны. У 1945 годзе яна з’ехала ў ЗША. Працавала ў якасці прафесара сацыяльнай псіхалогіі ў Нью-Ёркскім універсітэце, выкладала ў Калумбійскім універсітэце, была навуковым супрацоўнікам Амерыканскага яўрэйскага камітэта.